Loading

Брэсцкія заводы працуюць міма станцый ачысткі, а некаторыя і без іх?

Калі гэта так, то справу не выратуе аўстрыйскі завод па перапрацоўцы смецця

Набат і фанфары

На абласным семінары па праблемах прамысловых стокаў, зладжаным Цэнтрам укаранення навукова-тэхнічных распрацовак і Брэсцкай абласной службай МНС, прагучаў набат. Зразумела, у поўным дысанансе з фанфарамі з нагоды ўводу ў Брэсце другой чаргі смеццеперапрацоўчага завода, які ўзведзены аўстрыйскай фірмай StrabAG і з’яўляецца для краіны пілотным праектам.

Паслухаем іх, гэтыя фанфары,  у самай кароткай версіі, прагучаўшай з «Народнай Трыбуны» (гэта абласны афіцыёз): «…механіка-біялагічная ўстаноўка па перапрацоўцы 100 тысяч тон цвёрдых бытавых адходаў у год …на працягу трох-чатырох месяцаў будзе знаходзіцца ў стадыі так званага цёплага запуску, а пасля завяршэння гэтага этапа выйдзе на праектную магутнасць. У выніку абласны цэнтр атрымаў сучаснае прадпрыемства, на якім прымяняецца практычна безадходная тэхналогія перапрацоўкі камунальнага смецця і сцёкаў.»

А цяпер набат: «На шэрагу прадпрыемстваў збудаванняў ачысткі зусім няма!» «Прадпрыемствы льюць сцёкі ў гарадскую каналізацыю!!» «Заводы штрафуюць за міліграмы солей, а соль цячэ з вуліц у Мухавец і Буг тонамі!!!»

Прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый ківалі галовамі: так, праўда. Зразумець іх лёгка: калі наступяць міжнародныя санкцыі,  калі кашчавая з-за ідыятызму некаторых  «ответработников» пачне касіць людзей, – у першую чаргу паплацяцца яны.Чаму не прымалі прафілактычных мер? Адпаведны артыкул 428 КК «Нядбайнасць» фармулюецца дакладна: “Невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з-за нядобрасумленнага або неахайнага стаўлення да службы, якія спрычынылі па неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы… караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або пазбаўленнем волі волі на тэрмін да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.”

Фанфары  ў набліжаным разглядзе

 

Аўстрыйская тэхналогія вабіць некалькімі выгадамі. Першая: з цвёрдага асадку гарадскіх каналізацыйных сцёкаў у двух біятэнках пры дапамозе бактэрый атрымліваюць біягаз.  Ён сама ў метантэнках вылучаецца з арганічных  цвёрдых бытавых адпадаў. Другая: біягаз спальваецца дзеля атрымання цяпла і электраэнергіі, лішкі якіх ідуць на патрэбы горада. Навукоўцы Аддзела праблем Палесся Нацыянальнай Акадэміі навук працуюць і над трэцяй: асадак, як ужо даўно планавалася, падпрацоўваецца да кандыцыі ўгнаення і пойдзе на палі.

Як  набат забівае фанфары

Доктар тэхнічных навук  Марат Краўцоў, аўтар укаранёнай тэхналагічнай схемы ачысткі сцёкаў ад нафтапрадуктаў: «Цяпер ёсць тэхналогіі, якія дазваляюць дабіцца высокай ступені ачысткі прамсцёкаў. Чаго няма як у краіне, так і ў Брэсце, дык гэта волі іх укараніць. Ёсць прадпрыемствы, дзе наогул няма збудаванняў па нафтаачыстцы.”

І па рэшце кампанентаў, пацвярджае асноўны дакладчык семінара, незалежны эколаг Яўген Урэцкі.

 

Даведка. Яўген Аронавіч Урэцкі доўгі час працаваў начальнікам збудаванняў па ачыстцы БЭМЗ, быў галоўным спецыялістам Маскоўскага дзяржаўнага праектнага інстытута і распрацоўшчыкам базавых тэхналогіяў  па ачыстцы сцёкаў прадпрыемстваў прыбора- і машынабудавання абароннага комлекса былога СССР. Як эксперт ён зарэкамендаваў сябе пры абследаванні лакальных збудаванняў ачысткі на буйнейшых прадпрыемствах абароннага комплекса г.г. Масквы, Санкт-Пецярбурга, Навасібірска, Беларусі ды Украіны.Пад кіраўніцтвам Я.А.Урэцкага былі распрацаваныя водаахоўныя  комплексы для Маскоўскага авіяцыйнага завода, Ваенна-касмічнага комплекса імя Хрунічава, Санкт-Пецярбургскага “Кіраўскага завода”, дзясяткаў менш значных прадпрыемстваў у былым СССР, у Расіі, Украіне і Беларусі. Цяпер 14 тэхналогій Я.А.Урэцкага на англійскай і рускай мовах размешчаныя на сайтах Праграмы развіцця ААН і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый “UNIDO”.

Калі ў сцёкі трапілі цяжкія металы, гэта можа перакрэсліць аўстрыйскую тэхналогію здабычы біягазу, таму што гэтыя солі будуць магутнымі інгібітарамі працэса зброджвання.  Больш за тое, нельга будзе прадаць асадак у якасці ўгнаення, кажа эксперт.

Што да “адсутнасці наяўнасці” сістэмаў лакальнай ачысткі на прадпрыемствах, то ёсць цвёрдая прыкмета гэтага. Індыкатарам уключанасці станцыі ачысткі ў цыкл з’яўляецца наяўнасць вылучанага са сцёкаў таксічнага цвёрдага асадка, кажа эколаг. Калі не было “мухляжу”,  яго колькасць заўсёды  сувымерная з нарматыўнай. А на брэсцкіх прадпрыемствах яго або зусім няма, або знікома мала. Значыць, яго вымаюць і выкідваюць па-за сістэмай ачысткі – вытрасаюць у “ліўнёўку” або вывозяць ноччу ці ў выходныя ці ў выходныя ноччу ў лес, у яму якую вывальваюць. Запускаючы тым самым у прыродны цыкл.

Па-мойму, прычына ў звышвысокіх ПДК (парогава дапушчальных канцэнтрацыях – Я.Б.), якія ўведзеныя ў Брэсце, кажа Яўген Урэцкі. Паводле дзейных ПДК, стандарт сцёкавай вады па многіх паказчыках вышэй патрабаванняў Санітарных Правіл і Норм (СанПіН) для пітной вады. Гэта робіць бессэнсоўнай пабудову любых установак ачысткі. Усё роўна ачысціць ваду настолькі не атрымаецца. Адпаведна, будуць штрафы. Так што на прадпрыемствах вырашылі: лепш ужо не марнатравіць грошы  (добрыя ачыстныя каштуюць усярэднена каля 2 мільёнаў еўра), а праплачваць штрафныя тарыфы і паралельна шукаць магчымасці “дамовіцца”. Вось чаму збудаванняў ачысткі папросту няма, як не было іх у 2009 годзе на камбінаце “Савушкінпрадукт” (і па сёння адваротнае не даказана).

Брэнд збрэндзіў?

Я выказваю недавер: бо ж марка “Савушкінпрадукт” раскручаная, яе інакш як спарцмена на тумбе першага месца і ўявіць цяжка. Але… Яўген Аронавіч паказвае прадпісанне, выдадзенае галоўнаму інжынеру “Савушкінпрадукта” У.Р. Мількевічу у 2008 годзе Дзяржаўным наглядам у галіне абароны насельніцтва ад надзвычайных сітуацый: 1. Да 1 студзеня 2009 года падрыхтаваць меркаванні па ўсталяванні ачыстной каналізацыі. 2. Пабудаваць лакальныя ачыстныя. Нічога не выканана, кажа ён. Камісію распусцілі, правяраць забаранілі.

У сваім кабінеце Уладзімір Раманавіч Мількевіч супакоіў: “Цяпер сітуацыя зусім іншая. Мы сыроватку, якая давала найбольшы шлейф “бруду”, цяпер наогул сушым. А сцёкі,  калі кіслыя, шчолачым. Ламаем галаву, як палепшыць ачыстку, нават з немцамі раіліся, але цяжка. А што да Буга, быццам мы яго можам забрудзіць, то ёсць інфармацыя, што мы разбаўляем брудную ваду у Вісле пасля Варшавы”.

Да гэтай кропкі гледжання мы яшчэ вернемся, а зараз паглядзім, як

На другіх прадпрыемствах

На Брэсцкім электралямпавым, дзе найшкодная гальваніка, у 1990-х на завадзкіх збудаваннях ачысткі быў пусты басейн, і чараты сцяной стаялі, прагучала на семінары. Трубы ішлі міма басейна ў гарадскую каналізацыю. Цяпер гальваніку вынеслі, гадзіць няма чым. Але… завод нядаўна злавілі на залпавым выкідзе сцёкаў з перавышэннем ПДК цяжкіх металаў. На большасці прадпрыемстваў аналізы папросту падтасоўваюць, таму што своечасова разбаўляюць сцёкі вадой з-пад крана.

Марат Васільевіч Краўцоў падцвярджае: “сустрэў свайго былога студэнта, інжынера-эколага. Як складваецца, пытаю. Як на рабоце?  Каб сказаў праўду, адказвае той, дык заўтра ўжо быў бы не на рабоце.

Змушае да пільнасці, калі гаварыць пра экалогію, і сама колькасць сцёкаваёмкіх прадпрыемстваў, кажа прафесар Краўцоў. Адно толькі ў рысе горада месцяцца СП па выпуску газавай апаратуры “Гефест”, Брэсцкі электралямпавы і электрамеханічны заводы, заводы “Цветатрон” і машынабудаўнічы, камбінаты “Дываны Брэста”, панчошны і “Савушкінпрадукт”, мясакамбінат, нафтабаза і чатыры аўтапаркі. Нагрузачнай з’яўляецца і СЭЗ “Брэст”, большая частка якой пасаджаная недалёка ад Мухаўца ў трох кіламетрах на ўсход ад Брэста.

Ды яшчэ не забыцца на 148-тысячную армію легкавікоў, грузавікоў, аўтобусаў і матацыклаў, “прапісаных” у горадзе. Бо гэта дзеля іх узімку на вуліцах шчодра рассыпаюць горы солі, якія ніяк не насыпалі б завадскія, калі б – перанясемся ў зону фантастыкі, якая амаль заўсёды прадказвае будучыню – калі б яны сушылі свае сцёкі паводле загада яшчэ больш жорсткай экалагічнай дыктатуры і насыпалі б на цэнтральнай плошчы да ўзножжа Бога Прыроды.

Што можа быць?

Калі скідваць гаспадарча-бытавыя сцёкі ў дажджавую каналізацыю, якая для іх не прызначаная і, мінуючы гарадскую станцыю ачысткі, выходзіць наўпрост у Мухавец, можа наступіць … Працытую коратка са службовай запіскі, адпраўленай на імя палкоўніка Дзедуля, першага намесніка начальніка Галоўнага упраўлення ДСНС і ГА Рэспублікі Беларусь, яшчэ ў 2009 годзе: “Таксічныя агрэсіўныя сцёкі выклікаюць разбурэнне каналізацыйных калектараў, ствараюць праблемы для біялагічнай ачысткі і ўтылізацыі асадку з перапоўненых за многія дзесяцігоддзі месцаў захавання на гарадскіх сцёкавых збудаваннях.

Прарыў гэтага таксічнага асадка можа прывесці да непрадказальных наступстваў для Рэспублікі Польшча і балтыйскага басейна”.

Чаму не быць атрутнікам нельга?

Інжынеры ачыстных збудаванняў, інжынеры-эколагі, якія прысутнічалі на семінары, згадзіліся з галоўным дакладчыкам Яўгенам Урэцкім: тэхнолагі асноўнай вытворчасці часта глядзяць на іх як на фактар, які замінае выпусціць прадукт і зарабіць грошы. Іх папросту змушаюць, як мінімум, змірыцца з парушэннем экалагічных нормаў.

І тут гучыць парадаксальнае: а на іх месцы ці можна дзейнічаць інакш?

Перапытваю: як гэта – мірыцца з падпольнымі выкідамі прамбруду?

Усё больш складана, кажа Яўген Урэцкі і прадстаўляе няпоўную, але паказальную зводную табліцу ПДК па розных забруджвальніках у Брэсце, Гродна (які тоесны нашаму гораду: у іх Нёман, у нас Буг), Мінску, Кіеве, Маскве, ЕЭС, ЗША. Сюды сама “прыпісаны” і паказчык СанПіН для пітной вады. Яго пакажам на канцы ў дужках, напачатку за Брэстам Гродна курсівам, далей пазасталая геаграфія згодна са спісам. Такім чынам, некаторыя значэнні (у мг\л):

па медзі:     0,1;   0,33; 1,0; 0,5; 0,5; 2,7; (1,0);

па свінцу:   0,1;   ; 0,5; 0,1; – ; 0,5; 0,5; (0,3);

па нікелю: 0,27; 0,4; 1,0; 0,5; 0,5; 0,5; 2,5; (0,1);

па кадмію: 0,02; – ; 0,5; 0,01; 0,01; – ; 0,3; (0,3).

У чым жа сэнс гэтых распрацаваных адной брэсцкай фірмай ПДК, задае ён рытарычнае пытанне і выказвае меркаванне: а ў тым, каб “Водаканалу”, які займае ў горадзе манапольнае становішча як кантралёр сцёкавых вод, можна было пры любым раскладзе ў эканоміцы бязбедна існаваць за кошт штрафаў з прадпрыемстваў. Тыя проста адкупляюцца штрафамі. І хітруюць, маніпуліруючы са сцёкамі.

І насамрэч, працуюць здымшчыкамі вяршкоў?

 

Я спытаў у галоўнага інжынера “Водаканала” Міхаіла Рыгоравіча Дыдзіка, ці праўда, што брэсцкія ПДК самыя прыдзірлівыя ў свеце. Ён адказаў, што не ведае, бо яго справа карыстацца тымі нарматывамі, якія спушчаныя з Мінпрыроды. Пра збудаванні ачысткі сказаў, што так, на некаторых прадпрыемствах іх папросту няма, і як жа ім тыя сцёкі чысціць. Але “Савушкінпрадукт”, хоць і з прымітыўнымі ачыстнымі, праходзіць без штрафаў. Цяжка праверыць, што ў іх там, на тэрыторыі, кажа Міхаіл Дыдзік. А штрафы – на іх не пабагацееш, яны адсоткаў 10 нашага бюджэту складаюць, ды і тое мы аддаем іх на падтрымку гарадской станцыі ачысткі, большай часткай. Па грэшніках вы ў Камітэт па ахове прыроды звярніцеся, параіў ён. Там лепш за нас прадпрыемствы-грэшнікаў ведаюць. “А за мяжою,   – сказала адказная супрацоўніца, пакліканая дзеля размовы з журналістам, – за мяжою наогул прадпрыемства не запускаюць, калі на ім няма ачыстных збудаванняў”.

Так насамрэч там, дзе нас няма?

А як за мяжой, спытаў я і Яўгена Аронавіча Урэцкага. У ЗША экалагічныя нормы не выкарыстоўваюць як сякеру, быў адказ. Калі прадпрыемства зарэгістравалася на рынку, яму даюць пяць гадоў на тое, каб набрацца рэсурсаў на ўвядзенне ў эксплуатацыю паўнамаштабных ачыстных. Да гэтага часу, у згодзе з дамоўленасцю з мясцовымі прадстаўнічымі органамі ўлады, прадпрыемству даводзяць ПДК сцёкаў, не гібельныя для навакольнага асяроддзя, але мякчэйшыя за стандарт, а галоўнае, ашчадныя для бюджэта прадпрыемства. Каб жыхарам было дзе працаваць, і каб заробак быў дастойным.

 «Штрабаг»

Назоў завода па перапрацоўцы смецця гучыць для нас, з нашай канцлагернай гісторыяй, даволі асацыятыўна. Але там закладзенае ўсяго толькі аўстрыйскае ўласнае імя плюс “Akziengesellschaft”, «акцыянернае таварыства» па-нямецку. Галоўны інжынер Уладзімір Галенчук сказаў, што пра небяспеку для сваіх маладых і поўных сіл бактэрый у брадзільных камерах чуе ўпершыню. Цвёрды асадак для перапрацоўкі ў біягаз яны на шкодныя прымесі не кантралююць, бяруць ужо правераным з гарадской станцыі ачысткі побач.

А там яго горы якраз і нагрувасціліся з-за таго, што вывезці яго на палі ніяк не атрымлівалася з-за надмернай атрутнасці, усплыла ў галаве аб’ектыўка аднаго з брэсцкіх эколагаў. Ляжыць,  пры залевах і паводках вымываецца ў Буг. Але галоўнае гэта сітуацыя, калі збудаванняў па ачыстцы няма, а ачыстка (на паперы) ёсць.

У гарадскім Камітэце па ахове прыроды і прыродных рэсурсаў

пацвердзілі факт выкіду сцёкаў з перавышэннем па солях цвёрдых металаў Брэсцкім эоектралямпавым, але зусім не схільныя былі падымаць шум з нагоды гарадской каналізацыі. “Вада на выхадзе з прамачыстных у норме, – сказала супрацоўніца Людміла Васільеўна. – На “Савушкінпрадукце” стаіць станцыя нейтралізацыі, гэта тое самае, што і ачыстныя, фактычна. І больш за ўсіх “гадзяць” якраз не яны, а “Санта Імпэкс”, абрабляючы морапрадукты. На прадпрыемствы цяжка трапіць, але нам туды, можа, і не трэба. Што датычыць завода «Штрабаг», то я там была толькі раз, па скарзе мясцовага насельніцтва на пах. А па цяжкіх металах – мы сёлета толькі на электралямпавы завод пратакол склалі. Фіксуе “Водаканал”, а мы потым пратакаліруем”.

Цяпер сітуацыя высветлілася канчаткова. Сутнасць сфармуляваў яшчэ Уладзімір Мількевіч, галоўны інжанер “Савушкінпрадукта”: “Цяпер мы яксьці кожны сам па сабе сталі. Адзін кожны сам змагаемся. Таму праблемы, канешне, ёсць”.

Можна сказаць гэта іначай: незразумела, у якой вадзе мы купаемся, якую ваду некаторыя з нас п’юць,  і ці дапаможа нам імпартны смеццеперапрацоўчы завод.


Аўтар: Яўген Бяласін