Loading

Занядбаная памяць

Ійшоў дождж… Так ужо другі дзень запар на Варшаву падаў дождж, як у той знакамітай песні, а мы з прыяцелем вырашылі наведаць самыя старыя і яшчэ дзеючыя могілкі польскай сталіцы Cmentarz Powązkowski. Яны заснаваныя ў 1790 годзе і на ім пахаваны у асноўным знакамітыя дзеячы Польскай культуры і гісторыі, але значная частка могілак адведзена магілам вайскоўцаў, героям і ахвярам войнаў 19-20 стагоддзя. Магілы розныя – як і лёс чалавечы, але канец адзін для усіх – і багатых, і бедных, знакамітых і просталюдзінаў. Іх яднае адно смерць – а раз’ядноўвае памяць аб іх у людзей землякоў, суайчыннікаў.

Цікава, але я не знайшла тут аніводнай закінутай магілы: чысціня і супакой пануюць на могілках.
І чамусці мне успомніўся звычайны беларускі герой, пра якога мне распавяла баба Ліда, жыхарка вёскі Жарэбнае, цяпер “Чкалава”, падчас адной з вандровак па Гомельшчыне.

Макар прачнуўся ад таго што хтосьці гучна размаўляў па-нямецку. “Заўтра з рання трэба ісці і вылавіць усіх, а калі хто будзе уцякаць – пастраляем, менш будзе валтузні з палоннымі”, – даляцела да Макара. “Ешка, хадзем вячэраць”, – рыпнулі дзверы, і стала ціха, толькі недзе за вёскай чутны былі адзінкавыя стрэлы. “ І ліха часам дае плен “падумаў пра сябе Макар успамінаючы часы праведзеныя у нямецкім палоне пад час першай сусветнай вайны дзе ен трохі навучыўся нямецкай мове.

Трэба ратаваць вяскоўцаў. Макар устаў, пабудзіў Аўгінню, Язэпа і малога Паўліка: “Уставайце хутчэй, трэба уцякаць, інакш заўтра ўсе загінуць ціхенька”, – сказаў Дзед. “Давайце разбяром саламяную страху і збяжым“, – прапанавала Аўгіння. Так і зрабілі. Пакуль фашысты вячэралі, палонныя ціхенька разабралі страху і па аднаму паўцякалі з пуні. Дзеду Макару прыйшлося ня лёгка – спачатку падсадзіў Аўгінню, потым Паўліка і, у рэшце, старога Язэпа. Хаця, і Макару ўжо даўно было за шэсцьдзесят, апошнім ён выбіраўся сам. Думкі аб смяротнай небяспецы, якая навісла над аднавяскоўцамі, надавала яму сілы. “Ратаваць, ратаваць“, – стукала сэрца.Ціхенька , як гэта можна зрабіць, праскочылі гароды і амаль паўзучы юркнулі праз шашу, а там лес – паратунак.

Ціха і спакойна было ў лесе, толькі пугач парушаў спакой ды гарматная кананада, якая стаяла на ўсходзе. Фронт стаяў пяты месяц па лініі ракі Сож. Вёска Жарэбнае, зараз “Чкалава“, была акурат па сярэдзіне франтоў – людзі, ратуючыся, вымушаны былі хавацца ў лесе, зрабіўшы сабе лагер у якім жыло 70 чалавек. Учора ў абед немцы выпадкова натрапілі на іх зямлянкі, схапілі чатырох чалавек, а для астатніх рыхтавалі карную аперацыю з самага ранку.

“Падымайцеся хутчэй, праз гадзіну тут будзе аблава”, – праняслося рэхам па паляне. “Хутчэй хапайце, што можна узяць з сабой, і ходу за шашу да балота“, – сказаў Макар. Заплакалі дзеці, загаласілі жанчыны, некалькі старых, наракаючы на жыцце і клянучы ўся і усіх, пачалі пакаваць свой невялікі скарб. “Кідайце, бяром толькі самае неабходнае – ужо світанак. Праз гадзіну будзем мертвыя, калі не уцячэм”, – сказаў у голас Макар і пачаў выводзіць людзей да шашы. Хуценька праскочылі шашу, потым хмызняк і бульбяное поле, нарэшце дайшлі да торфараспрацовак, а там і балота. “Ратунак, ратунак”, – білася сэрца.

“Давайце, бярыце малых на рукі і далей у балота, там недзе пасярэдзіне багны была сухая выспа, парослая чаротам і асакой”, – тут людзі і вырашылі перачакаць ліхі час. Тры дні у балоце без пітной вады і хлеба сядзела на выспе 69 чалавек, і толькі Дзед Макар рабіў начныя вылазкі да бліжэйшага поля і ручая, каб знайсці штось для харчавання і набраць пітной вады для малых.

Недалёка па шашы на захад увесць час рухалася тэхніка – фронт набліжаўся з кожнай гадзінай, і ў любы момант дзед мог трапіць пад кулю ці снарад і загінуць, але думка, што дзеці сядзяць без вады і ежы, дадавала смеласці і сілаў. Нарэшце, на трэці дзень кананада ад гармат пакацілася на захад і стала сціхаць. ”Вось ужо можна і выходзіць са схованкі, – падумаў стары і сказаў, звярнуўшыся да Язэпа, – сёння ўначы пойдзем да сваіх хат”.

Яшчэ на падыходзе да вёскі паўз шашу і на самой шашы ляжала шмат забітых чырвонаармейцаў і фашыстаў, стаяла абгарэлая тэхніка. Ад самой вёскі засталіся цэлымі толькі чвэрць хат ”Няблага, – падумаў Макар, – у першую сусветную было горш, толькі вось забітых было менш, а зараз дык сотні і тысячы”.
Людзі ціха разышліся па ўцалелым хатам, не звяртаючы ніякай увагі на забітых, якіх ужо пачалі есці сабакі з лісамі. Праз дзень аднавяскоўцы пачалі зцягваць забітых у акопы і бліндажы па 20 -40 чалавек і засыпалі зямлей, пазней, ужо ў 50-я гады раскапалі некалькі братскіх магіл і перазахавалі парэшткі у парк, дзе зрабілі адзін на усіх помнік, а астатнія так і ляжаць у безназоўных пахаваннях да гэтай пары…

А Макар, наш герой? Што стала з Макарам? Дзед Макар не лічыў свой учынак геройствам, бо так трэба было – як інакш!? Памёр ён у шэсцедзесятых гадах – засталася ад яго магіла – звычайная закінутая САВЕЦКАЯ магіла з заімшэлым помнікам.

“Эх, Варшава, мая сталіца“, – закруцілася ў памяці. Палякі шануюць сваіх герояў, даглядаюць магілы, знаходзяць і перазахоўваюць парэшткі загінулых падчас шматлікіх войнаў, адкрываюць новыя помнікі, даглядаюць за старымі.

І адразу ўспомніў словы бабы Ліды: “Вось тут, у гэтым рву, ляжаць забітыя – і там, паўсюль ляжаць, як мы пахавалі іх у 43-м годзе. Так яны і ляжаць – ні помніка, ні памяці”. У нас ніколі не шанавалі сваіх герояў – у асноўным, толькі чужых. Можа таму мы так і жывем?

Аўтар: Алена Жукоўская