Мой родны кут! Які ты неперспектыўны
![]() Напачатку лета мы з жонкай пераехалі на жыцьцё з аточанага з усіх бакоў дарагімі чырвона-зялёнымі шыльдамі на каланіяльнай мове “перспектыўнага” “аграмястэчка” ў маю родную вёску. З Сьветлагорскага раёна ў Рудобельскі, то бо “Акцябрскі”. У аграмястэчку ўсё як мае быць: бойкі бальшак, як у людзей вялікі кароўнік – і будуецца новы, шчэ большы — за гоні ад шашы, што не толькі абдае сваім водарам і пасажыраў і тамтэйшых жыхароў, але і дазваляе недасьведчаным пацешыцца высокаэстэтычным зьместам жывёлагадоўчага жыцьця, тры лаўкі, гатэльчык, сярэдняя школка з жменькаю вучняў, як быцца шпаркі інтарнет, дробная тыранія дробнага начальства, неадменны дзяжурны субпралетарыят каля манаполькі, неўкамплектаваная медперсаналам медычная амбулаторыя, прыгожыя шыльды на перспектыўных будынках на каланіяльнай мове (перспектыўнай)… Амаль нічога гэтага ў маёй роднай вёсцы няма — а яна ад “аграмястэчка” ўсяго за 9 кіламетраў, празь лес. Амаль усё ў маёй роднай вёскі ў мінулым. І ня дзіва: яна “неперспектыўная”. “Неперспектыўны” — гэта безнадзейны, як асуджаны на сьмерць. У нашым беларускім сэнсе гэта цяжкаперакладное слова, слоўнікі яго пазьбягаюць. Ну, дзе гэта ё ў цывілізаваным сьвеце, каб дзяржава наперад планавала забойства сваіх сёл і, вядома ж, свайго насельніцтва?! Дзеля чыйго Lebensraum, то бо дзеля чыёй “жыцьцёвай прасторы”, ачышчаецца этнічная беларуская жыцьцёвая прастора? Іначай як генацыдам гэта не выглядае. У нас усё, ну, абсалютна ўсё неперспектыўнае: неперспектыўныя людзі, карэнныя жыхары, пераважна жанчыны, што ходзяць сагнуўшыся ад старасьці, багата хто на трох нагах, а то й на чатырох. Неперспектыўныя каровы, якіх — ці дарэчы тут множны лік? — ажно адна на ўсё сяло. Неперспектыўныя коні, якіх ажно два! (Не ведаю, ці доўга праіснуюць гэтыя жывёліны, бо нейкія бойкія дзецюкі, што размаўляюць на каланіяльнай мове, бы акулы перыядычна круцяцца каля іх, прапануючы гаспадарам прадаць ім неперспектыўную скаціну.) Неперспектыўны калгас, які зьядналі з яшчэ больш неперспектыўным, што месьціцца ажно за 12 кіламетраў адсюль, стварыўшы такім чынам супернеперспектыўную канструкцыю. У нас нават неперспектыўны дзяржаўны друк на каланіяльнай дзяржаўнай мове, які рэдка хто выпісвае і амаль ніхто не чытае. (Данежне, будуць амаль непісьменныя старыя жанкі псаваць вочы чытаньнем, калі псівае дзяржаўнае тэлебачаньне танна прапануе візуальную чужую субкультуру. А дзеля невялікіх гігіенічных патрэбаў, дзякаваць Богу, пакуль што – і нашмат таньней! — прадаюць адмысловую паперу.) Ну, раз неперспектыўнае насельніцтва грэбуе дзяржаўным друкам (“газет трэ’ болей выпісваць!” – такі быў адказ з сельсавету на скаргу), то і дзяржава адказала насельніцтву сіметрычна і адэкватна: ад першага верасьня нашу вёску не наведвае паштальён. Рэжым строгай эканоміі. От так! Двойчы на тыдзень у сяло прыязджае машына і шафёр, якому за гэта не плацяць, раскідае па калектыўных скрынках нешматлікі друк. Паколькі той друк часьцяком не трапляе ў рукі падпісчыкаў, – і мне таксама — то лагічна думаць, што лепей яго зусім не выпісваць. Канешне, інтэрнэту тут няма. Кажуць, што можна далучыцца да беспарольнага, але хто гэта ведае, бо кампутар у вёсцы адзін: у мяне. Бесправодны інтэрнэт праз флешку круціцца так марудна, што набываць яе сэнсу няма. Дзеці? Ну, якія дзеці ў “неперспектыўнай” вёсцы з “неперспектыўным” сэксам?! Двое хлапчукоў і адна дзяўчынка. Былы цэнтр былога калгасу таксама неперспектыўны. Неперспектыўныя і дзьве іншыя суседнія вёсачкі. Мы настолькі неперспектыўныя, што ў нашых сёлах разваленыя на’т сьцены лазьняў, пабудаваных некалі ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Застаецца загадкай, чаму развалілі вельмі крэпкія сьцены будынкаў і так і пакінулі тыя сьцены непатрэбна ляжаць. Ну, гэта ж не рэлігійнае збудаваньне, не царква, не сінагога, не сядзіба СД пры немцах. Чым так разгневалі лазьні начальства? Мая гіпатэза простая: чалавек — істота разбуральная. Шкоднік, пакуль ён дробны вандал, ён паскудзіць дробна. Ну, чыркане лязом па сядзеньні аўтобуса ці вагона, насера – даруйце — на аўтобусным прыпынку, налье ў пад’езьдзе. Калі ж ён вырастае, ягоныя маштабы вырастаюць разам зь ім. Можна ўзарваць царкву, разваліць лазьню, збудаваць усьцяж шасеек за гоні ад іх карáлі сьвінарнікаў і кароўнікаў, дэвальваваць грошы, а ўсьлед раскулачыць насельніцтва цэнамі. На які ляд неперспектыўнаму насельніцтву мыцьцё і шараваньне!? Як у сярэднявеччы — мыцьцё тройчы за жыцьцё: пры нараджэньні, на вяселле і па сьмерці. Вады на ўсіх не хапае. От чаму і ў “аграмястэчках” і ў “неперспектыўных” вёсках зайдзіце на пошту ў гадзіну пік, і вас абдасьць густы дух усёй чалавечай хвізіялогіі. Пытаць, дзе і як мыецца гэты люд, лішне. Але вернемся далей назад. Усьлед за скарачэньнем нашай вёскі з паштовых паслуг пайшла пагаласка, што “скароцяць” і паштовую канторку. Астанецца адна сярэдняя школа — будынак добры — з мо’ 39 вучнямі, па тры душы на клас. Цяжка сказаць, на колькі часу хопіць школе той “перспектывы”. Калі ж пазачыняюць усё — то можна зачыняць і могілкі. У маёй вёсцы ёсьць крама, кароўнік, дзе зімуюць каровы. (Кароўнік стаіць за 5 метраў ад асфальту дарогі — сам мераў, як жа іначай.) У нас добрая чыстая вада і добрае паветра. Былыя паплавы вакол вёскі дзе зарасьлі амаль лесам, дзе паараныя і там сеюць кіяшы — кукурузу па-іншаму. Там, дзе сеялі і жалі жыта, на полі гушчэй, чым барада ў асірыйца, ізноў узышло жыта. Можна на зіму і не сеяць. Паўз вёску праходзіць асфальтавы бальшак, па якім можна паехаць хоць у Гомель, хоць у Рудобелку, хоць у Глусак. Прыкладна 200 чалавек былой моладзі – цэлая вёска! — з вёскі перасяліліся ў гарады і зрэдзьчас прыязджаюць дамоў, пераважна на Радаўніцу. Уцяклі яны, бо займелі магчымасьць: канчалася фаза жорсткага сталінскага прыгону. Уцякалі ад галечы, ад бяспраўя, ад “ідыятызму сельскага жыцьця”. Улетку ў вёску прыязджаюць гарадскія ўнучкі, але ім усё меней ёсьць да каго прыязджаць. Нешматлікі тутэйшы субпралетарыят зусім стандартны. Ад раньня яны дзяжураць ля манаполькі, бяруць чарніла, гуртам цундзяць яго, некаторы час сядзяць у нірване на лавачцы, потым, бы асеньняе лісьце, падаюць на родную зямельку і ціхамірна спачываюць. Улетку яны актыўныя зборшчыкі дзікарослых і гэта дазваляе ім доўжыць нірвану. Мне было пацешна бачыць, як адзін такі стандартны нірваншчык дужа пахвальваў уладу і прыніжана выпрошваў у прадаўшчыцы пляшку пойла напавер. Жыве ў нас 74 душы, гэта ў чатыры з гакам разы меней, чым было 40 год таму. Свой век дажываюць бабулі і нешматлікія дзядулі. Частка бабуляў так і не мелі сваёй сям’і, бо тутэйшыя хлопцы, іхнія патэнцыйныя жаніхі, навечна засталіся на вайне. Вёска наша доўгая, кіламетра паўтара ўдоўжкі, але падобная да шчарбатага грабянца: між жылых хат доўгія прагалы, дзе некалі віравала жыцьцё, але з адыходам гаспадароў засталася пустка. З усіх укладаньняў у інфраструктуру вёскі можна адзначыць электрыку, якую правялі ў 60-х гадах, частку асфальтаванай вуліцы і вадаправод, якім ніхто не апякуецца. Увогуле ж, пра жылы фонд і ягоныя выгоды можна сказаць тое ж, што і аанаўская кніжка на гэтую тэму: “ён аніяк не адпавядае часу” і падлягае “бульдозераваньню”, як гэта робяць габрэі з палестынцамі. На ўвесь былы калгас застаўся адзін начальнік. Гэта тутэйшы мужчына, некалі менш чым сярэдні вучань у школе. Зараз ён апекуецца і распараджаецца тут усім. Я ня буду цытаваць ягоныя выказваньні наконт цяперашняй улады. Яны трохі радыкальнейшыя за сярэднеагульнанародныя, не кажучы ўжо пра апазіцыйныя. Ён прыгоннік, перакананы, што нашаму народу трэ папліска, пуга і бізун з нагайкай. Ён не арыгінальны. Людзей з такімі поглядамі хапае і з вышэйшай адукацыяй. І нават зь дзьвюма. Гэта глыбока расісцкае перакананьне і, мяркую, яно, на жаль, не без уплыву на наша жыцьцё. Народныя інтарэсы прадстаўляюць народныя абраньнікі. Паколькі прыдатнага да абраньня тутэйшага люду мала, то да гэтага прыцягнуты і староньнія людзі. Якая ад іх карысьць, па — простаму мне адказала адна дэпутатка сельсавета: Цытую ў арыгінале: “Насцы на нас ды выкінь. Начальства што хоча, тое і рашае”. У нашай вёсцы ёсьць баптысцкая грамада. Да яе належалі і мае бацькі. Некалі вялікая, яна па натуральных прычынах паменела. Ейны ўплыў невялікі, — цяжка канкураваць з манаполькай! — але па сьвятых днях многія вяскоўцы не працуюць: праца ў сьвятыя дні асуджаецца. Сядзяць на лавачках на вуліцы, гамоняць… Так было заўсёды. У аграмястэчках ня ведаюць сьвятых дзён, а ў нядзельку, зазвычай, хапаюцца за бензапілы і рэжуць дровы, а дэцыбеламі — вушы. Бальшавіцкі каланіялізм згрыз вёску і выцяг зь яе ўсё жыльле. У сьвеце ўсё злучана: несвабода вяскоўцаў сілкавала несвабоду гораду. Жабрацкая, згвалчаная, несвабодная вёска давала і дае Беларусі ахлакратычную “эліту”, эгаістычную, абмежаваную, недальнабачную, непатрыятычную. Кухвайкавая вёска атабарылася ў горадзе, але ад гэтага яна не стала гарадзкой. Цяперака гэта завецца “курткай”. Але сьмярдзіць кухвайкай. Латыфундызм, на які зрабіў стаўку рэжым, дабівае сяло. Без моцнага сяла Беларусь не будзе Беларуссю. Між тым ахлакратычнае мысьленьне сядзіць як у кіроўных галовах, гэтак і ў галовах люмпен-пралетарыяту. “Хто ету зямлю брацьме? Ніхто ня хоча працаваць. Няма каму аддаць.” Вядома ж, ніхто ня хоча і не захоча працаваць, каб заўтра быць дэвальваваным ці раскулачаным. Вось гэтая сацыяльная і палітычная няпэўнасьць і ёсьць адным з падмуркаў рэжыму. Аднак у прапагандзе такіх эсхаталагічных поглядаў ёсьць прыхаваны сэнс: выстаўляючы прыватны сельгасбізнэс як негадзяшчую рэч, улада імкнецца гэтым адагнаць магчымых канкурэнтаў у магчымым падзеле зямлі. Але ведайце: калі раптам ў лесе нешта здохне і надыйдзе час прыватызацыі сельгасгаліны, аматараў хапнуць усю латыфундыю знойдзецца багата. І гэта будзе выратавальным жахлівым канцом, што прыкончыць бясконцы жах. Для мяне застаюцца загадкай радкі цяперака ўжо забытага верша Янкі Купалы “Сыходзіш, вёска, з яснай явы”. Што меў на ўвазе паэт? Зараз ужо досьвітак, пяць гадзін раніцы. Я чую гул “маршруткі”. То здаравенны, як лёгкі танк, трактар “Беларусь” з залезным прычэпам з высокімі бартамі з трох бакоў. Ён павязе на працу даярак. Ён цягае іх і ў пагоду і ў непагадзь, ад цямна да цямна, бяз сьвятаў і выходных. Вёска — гэта наша Радзіма. І збавеньне вёскі і збавеньне Радзімы залежаць ад ліквідацыі гэтай ахлакратыі. І чым хутчэй, тым лепей. Родная зямля… Аўтар: Мікалай з роду Кузьмінцоў
|


