Прасцей забіць?!
![]() Нягледзячы на з’яўленне ў Бабруйску пункту часовага ўтрымання, праблема бяздомных жывёлаў так і засталася нявырашанай. З нязручнымі праблемамі на месцах спраўляюцца так: заплюшчыў вочы, і вось іх няма. І быццам ёсць людзі з жаданнем прыносіць карысць. І, здаецца, праблема не самая непрыкметная, а ўсё ўпіраецца ў «грошай няма». А можа, гэта проста «адмазка»? Забіваем-забіваем, а іх не менш … Дзіўныя справы дзеюцца ў Бабруйску. Быццам бы ўлада паклапацілася пра бяздомных жывёлаў, аддала загад «зрабіць што-небудзь», і ў горадзе з’явіўся пункт часовага ўтрымання. На базе БУК САПа (спецаўтапрадпрыемства). Менавіта тут працуе прафесійная група адлову, іх яшчэ называюць у народзе «жывадзёры». Прыхільнікі касматых бадзяжкаў спачатку ўзрадаваліся – ну нарэшце! А потым радасць неяк хутка выпарылася. Аказваецца, жывёле з моманту трапляння ў пункт даецца ўсяго тры дні на шанец выжыць. Не прыйшоў па цябе чалавек, не ўзяў да сябе – смерць. І паміраюць безабаронныя камячкі пачкамі. Ім робяць уколы Т-61, якімі трэба трапляць ахвяры ў самае сэрца, што атрымліваецца не заўсёды і не ва ўсіх. Таму жывёлка адпраўляецца на той свет з жудаснымі пакутамі…
Была праблема – няма праблемы. Так проста, ці не праўда? Здавалася б, коштам некалькіх соцень ахвяраў нашай прадуманай «чалавечнасці» праблема вырашыцца. Канцлагер часовага ўтрымання працуе спраўна, смяротнасць пастаўленая на канвеер … Але бяздомных жывёлаў у Бабруйску чамусьці не стала менш. Асабліва ўражвае колькасць кацянят, зусім маленькіх і падлеткаў. Здаецца, іх стала толькі больш. І тут нават бабулі-пенсіянерцы сама сабой у галаву пракрадаецца крамольная думка: а можа, «бацькі горада» неяк няправільна вырашаюць гэтую праблему? Выратаваць ад «ратавальнікаў» Атрымалася наступная сітуацыя: чуллівым людзям даводзіцца рэгулярна наведвацца ва ўстанову, якая папраўдзе аказалася пунктам часовай адтэрміноўкі ад смерці, і забіраць жывёлаў да сябе. Не ад жадання завесці трэцяга сабаку і пятага ката, а проста каб выратаваць ім жыццё. Ператрымаць, знайсці добрага гаспадара. Некаторыя мясцовыя СМІ надрукавалі заклікі да бабруйчан, патлумачылі, што жывёлы без іх асуджаныя на смерць. Адна газета перыядычна, калі было месца на паласе, размяшчала фота катоў і сабак, вымушаных часова спадзявацца на жыццё ў сценах БУК САПа. Але і тут добрыя намеры журналістаў былі растаптаныя ўнутранымі правіламі пункта. А адбылося наступнае. Бабруйчане бачылі фота ў газеце, завочна абіралі, напрыклад, кацяня, і адпраўляліся на паказаны адрас. Узялі дзіця («будзе табе падарунак!»), прыйшлі ў пункт, а там ім сказалі, што Рыжыка або Барсіка якраз сёння раніцай адправілі на той свет: яго трое сутак на жыццё скончыліся. У сыночка шок, бацькі здзіўляюцца: ну як так?! Гісторыя адной Дабрадзейнасці Вось ужо два гады ў Бабруйску працуе дабрачыннае таварыства абароны жывёлаў «Дабрадзейнасць». Робяць усё што ў іх сілах. Забіраюць жывёлаў на ператрымку з пункта часовага ўтрымання, падбіраюць пухнатых беспрытульнікаў на вуліцы, праводзяць дабрачынныя акцыі, лечаць і кормяць, стэрылізуюць. - За ўвесь час працы таварыства мы прыстроілі каля 400 жывёлаў, – распавядае Вольга Азаронак, старшыня «Дабрадзейнасці». – На кожнай акцыі знаходзім дом для 20-30 чатырохногіх. У нас ёсць дабрачынны рахунак, на гэтыя невялікія грошы мы купляем корм і амуніцыю, плацім за перавозкі. Да прыкладу, даставіць жывёлаў з часовага пункта на дабрачынную акцыю ў парк каштуе каля паўмільёна. Усё гэта мы робім на грошы сябраў таварыства і ахвяраванні. Фінансаў, натуральна, заўсёды не хапае. Вольга ўжо які год дамагаецца ад гарадскіх уладаў дапамогі. А менавіта – памяшкання, у якім яна з аднадумцамі магла б стварыць сапраўдны прытулак для бяздомных жывёлаў. Абаронца чатырохногіх ўпэўненая, што рашэннем праблемы павінны займацца толькі тыя людзі, якія па-сапраўднаму любяць звяркоў. - Звярталася да старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Бонахава, паказвала на канкрэтны пустуючы будынак, каб аддалі пад прытулак, – уздыхае Вольга Азаронак. – Але мне заўсёды адказваюць, што гэтае памяшканне выстаўлена на продаж, свабодных будынкаў няма, грошай таксама няма. Хоць папраўдзе ў Бабруйску ёсць мноства збудаванняў, якія падышлі б нам і якія пустуюць некалькі гадоў. Улады лічаць, што пункт часовага ўтрымання – гэта і ёсць прытулак. Маўляў, і так зрабілі для жывёлаў шмат. Сябры «Дабрадзейнасці» спрабавалі выкараскацца самі. Здымалі прыватныя дамы, у іх жылі выратаваныя ад смерці жывёлы, але нядоўга. Вольга распавядае, што ім прыйшлося змяніць ужо сем арандаваных будынкаў – з-за скаргаў суседзяў. Людзі выклікалі міліцыю, пісалі ў інстанцыі, бывала, накідваліся на абаронцаў звяркоў з кулакамі… Таму цяпер таварыства не мае магчымасці забіраць на ператрымку ўсіх катоў і сабак, якіх ім прыносяць. Ёсць невялікае памяшканне, у якім яны ўтрымоўваюць некалькі сабак. Каты – на руках у сяброў «Дабрадзейнасці», забіраюць хто колькі зможа. Увогуле сітуацыя слёзная. Ні сабе, ні людзям А праўда, мабыць, у тым, што нематэрыяльнае, якое не мае фінансавай выгады, не цікавае ўладам. «Лепш няхай гэты будынак згніе за адсутнасцю пакупніка, але бясплатна не аддамо» – так атрымліваецца. А закінутых памяшканняў у Бабруйску і сапраўды больш чым дастаткова. Грошы таксама з’яўляюцца, але на іншыя, больш «важныя» рэчы. Прывяду просты прыклад. На днях старшыня гарвыканкама спатыкнуўся аб прыступку нязручнай лесвіцы, якая прымыкае да будынку каля цэнтральнага рынку. Некалькі пакаленняў бабруйчан там спатыкаліся і падалі, і нічога, а тут сам «мэр» ўпаў! Дзмітрый Бонахаў аддаў загад неадкладна паправіць. І на наступны ж дзень (!!!) там ужо працавала група рабочых-рамонтнікаў. І неяк хутка грошы знайшліся на мадэрнізацыю бяздольнай лесвіцы … Мараль такая. Калі б жыла ў Бабруйску хоць адна «вялікая шышка», якая б любіла не толькі сябе, але і жывёлаў, – грошы і памяшканне знайшліся б. А самі хіба лепш?! Самае страшнае, што дарослыя не вучаць сваіх дзяцей быць добрымі да жывёлаў. Практычна ад кожнага знаёмага маляняці можна пачуць у рамках гісторый «як я правёў лета» пра надзіманне жабаў праз саломінку або пра кацяня, якое спускалі з вышыннага дома «з парашутам» з цэлафанавага пакета. А дзеці бяруць прыклад з нас. Адна бабруйчанка распавяла, што ў сваім прыватным доме трымала некалькі падабраных жывёлаў. Аднойчы яе сабакі зніклі. Шукалі іх доўга, і аднаго знайшлі… са зблытанымі калючым дротам лапамі. Улюбёнец сям’і, прамучыўшыся яшчэ два дні, памёр. Маім сяброўкам давялося гэтым летам ратаваць сабаку ад п’янага «выпускніка ВДВ». «Дэсантнік» душыў бяздомнага барбоса пад радаснае іржанне сваіх сябрукоў. Напэўна, для мацнейшых двухногіх забіць слабую жывёлу – гэта крута. Што можам зрабіць самі Вольга Азаронак раіць тым, хто падкормлівае жывёлаў каля сваіх пад’ездаў, часцей звяртацца ў аддзяленні ЖКГ з просьбай не высылаць да іхнага дома групы адлову і абяцаць сачыць за здароўем падапечных (і, безумоўна, выконваць гэта). Другі пункт – дамагацца адмены эўтаназіі на карысць стэрылізацыі. Да прыкладу, калі мы адпачывалі ў сваякоў у Адэсе, то заўважылі, што па горадзе ходзяць толькі дарослыя або старыя бяздомныя жывёлы. Нам патлумачылі, што чатырохногіх «бомжыкаў» там не забіваюць, а стэрылізуюць. Таму яны не пладзяцца, а спакойна дажываюць свой век. У «Дабрадзейнасці» дапамагаюць стэрылізаваць жывёлу нават тым, хто трымае гадаванца дома, але не можа заплаціць за аперацыю. Некаторым аплочваюць працэдуру на 50 адсоткаў, ну а калі з грашыма зусім туга, то цалкам. Мае сэнс пісаць гарадскім уладам звароты з просьбай адмяніць эўтаназію і вылучыць памяшканне пад прытулак. Надзеі мала, але паспрабаваць варта. І, вядома, вельмі важна казаць аб гэтай праблеме як мага часцей, не забываць пра яе. Па магчымасці ахвяраваць корм або грошы таварыствам тыпу «Дабрадзейнасці», – ім даводзіцца вельмі цяжка. Бо нават самая маленькая дапамога можа выратаваць камусьці жыццё. Аўтар: Алеся Дмітрашка |




