Пра форэкс-памідорэкс і не толькі…
![]() Добры дзень, паважаныя арганізатары конкурсу “Народны журналіст”. Шчыра кажучы, мяне хлебам не кармі – дай паўдзельнічаць у розных творчых спаборніцтвах, таму як толькі я ўбачыла вашую абвестку – адразу загарэлася: хачу, хачу быць народным журналістам! Аднак, паразважаўшы хвілінку другую, засаромленая пачуццём уласнага сумлення і агульначалавечай справядлівасці, пачала я павольненька так спаўзаць з уяўнага п’едыстала, каб уступіць яго сапраўднаму прафесіяналу. Дазвольце прадставіць вам яго, дакладней яе! Знаёмцеся, баба Маня! Вунь яна з кіёчкам у руцэ ўзбіраецца на падрыхтаваны мною пастамент. Без асаблівай ахвоты, праўда. Ды што ты з іх возьмеш, профі экстра класа, яны звычайна такія, сарамлівыя вельмі. Давайце, баба Маня, яшчэ крышачку засталося, я падпіхну, калі трэба, … а там, глядзіш, і за тэлевяршыню схопіцеся, нарэшце, трапіць яна да таго, хто яе сапраўды заслугоўвае. Але баба Маня чамусьці незадаволеная. Што яна там балбоча сабе пад нос? Можа новы рэліз для чарговай прэс-канферэнцыі з суседкамі рыхтуе? Давайце паслухаем… – Які з мяне журналіст? Начыталася ты, суседка, у сваім тырнэце немаведама чаго, а цяпер і мяне, старую, баламуціш. …Ага, не верыць у свае творчыя здольнасці, ну што ж, давядзецца даказаць ёй адваротнае!… – От і што, калі я ведаю хто па чым у вёсцы памідоры здае і колькі каробак. Неяк само атрымліваецца: выйду на вуліцу, сяду на лаўку, хто ні пройдзе, павітаецца са мной, я і запытаю, па чым памідоры і агуркі бяруць, ці многа прыёмшчыкаў на “нашай Камароўцы”. Слоўка за слоўка, пытанне за пытаннем – глядзіш, усе патрэбныя навіны і збяру. … А вось і доказ таго, што баба Маня мае поўнае права называцца народным журналістам. Збор інфармацыі – задача нумар адзін кожнага журналіста!… Можна потым і так проста пасядзець, абмазгаваць тоё-сёе. …Аналіз інфармацыі – задача нумар два!… Вось сёння памідоры па дзве тысячы бралі, а агуркі па тысячы дзвесце. Толькі купяцы не кінуліся адразу на злом галавы здаваць свой тавар па такой цане, прасілі сама меней дзве дзвесце за памідоры і паўтары за агуркі. Няма дурных, падумалі аднавяскоўцы, вунь колькі прыёмшчыкаў панаехала, нідзе не дзенуцца, падымуць цану, калі набраць агародніны хочуць. На нейкі час наступіла зацішша, праціўнікі пазаймалі належныя кожнаму боку пазіцыі: хто каго перачакае… Аж тут пачалося неверагоднае нахабства. Машынкі з суседніх вёсак шмыг, шмыг, шмыг, і давай чужынцы здаваць сваю агародніну па такой мізэрнай цане. Прыёмшчыкі закупляюцца, ад’язджаюць пакрысе. Зусім мала іх ужо засталося. Купяцы толькі зубамі скрыгочуць, а зрабіць нічога не могуць, пагалоска ж ужо даўно пайшла па ваколіцах, што ў Купяцічах можна даражэй за ўсё здаць. Ды, нічога, пакумекалі мясцовыя, вось грузіны прыехалі з фурай, пакуль спяць у машыне, стаміліся, відаць, з дарогі, а прачнуцца, то і пабачаць чужынцы: купяцы проста так не здаюцца, ведаюць, як паводзіць сябе ў такіх няпростых рыначных умовах. Праз гадзінку прачухаліся нарэшце грузіны – цану аб’явілі: (тысяча восемсот за памідоры?! і тысяча за агуркі?!). От, табе і дачакаліся, от і наздавалі, от і зарабілі! А так кожны дзень. …Ого, дык гэта ж сапраўдны Форэкс. Форэкс-памідорэкс… Што ж тут зробіш? Жыццё ў зверскім капіталістычным свеце! Цана на памідоры (а ў асноўным купяцы вырошчваюць памідоры, агуркі пакрысе адыходзяць у нябыт з-за іх смешнай цаны напрыканцы сезона) скача то ўверх, то ўніз. Тут галоўнае, не спаць у шапку, умець зпрагн… зпрагназваць, карацей, угадаць, якая цана заўтра будзе. Для гэтага важна валодаць інфармацыяй з розных крыніц, як кажа мой сын. Звычайна ён раненька гадзін у шэсць збірае пад нашымі вокнамі прэс-канферэнцыю: прыходзяць Вася, сусед, Светка, суседка ды іншыя, хто бліжэй да нас жыве…. Вырашаюць па якой цане варта сёння памідоры здаваць, каб потым локці не кусаць на наступны дзень. Мабілкі іхнія вельмі ім дапамагаюць: за пяць хвілін, абзваніўшы некалькі аднавяскоўцаў, якія ў Мінску летам праводзяць не менш часу, чым у вёсцы, даведваюцца, якая цана ўчора была на Камароўцы і на аптовым рынку ў Ждановічах. А я сяджу ў хаце пры адчыненным акне, ды слухаю, запамінаю, каб потым усім расказаць, хто запытае. Эх, зусім адна я засталася, стары мой памёр, ды і суседкі адна за адной на той свет пайшлі. І ўсе ад раку памерлі. Эх, мабыць, мае рацыю Галькін зяць, які не садзіць памідоры, кажа, ты што цешча смерці маёй хочаш, Галька ж крыўдуе вельмі – ўсе людзі садзяць, грошы зарабляюць, а сям’я яе дачкі толькі на заробкі жыве. Канешне, ёй крыўдна, але з другога боку, Каця, суседка мая, у момант згарэла ад раку лёгкіх, усё жыццё квачом крапіла гэтай заразай памідоры, каб іх людзі з’елі перш, чым ненажэрная фітафтора. А Маруся, Зоя, яны ж з будОк (гэтак купяцы цяпліцы называюць) летам не вылазілі. Кватэры ў Пінску ўсім дзецям пабудавалі, машыны пакуплялі. Цяпер вось іх дзеткі працуюць, каб сваім дзецям тое ж самае дапамагчы набыць. Раней было прасцей неяк, не было гэтай лергіі, ага, а-лер-гіі, а то ж цяпер у каго не папытай, усім насы закладае, усе чхаюць. А Ганька, бедная Ганька, апухшая ўсё лета ходзіць, лекі п’е, ды мала яны ёй дапамагаюць. Доктар сказаў не садзіць памідораў, а яна кажа, як жа не садзіць, мы ж тады з мужам на заробак настаўнікаў не пражывём, трэба ж дзецям дапамагаць, яны ўніверсітэты пазаканчвалі, у Мінску засталіся, а жыллё там якое дарагое! А вось узяць маю суседку Светку, вясна была, май месяц, чую галосіць Светка ў будцы аж заходзіцца, мо, здарылася думаю што, гора-бяда нейкая, а яна аказваецца галасіла па кветачкам, што з памідораў ападаюць, кажа, як жа я буду жыць, (дарэчы, працуе яна медсястрой), калі мае памідоры прападуць. А Светка ж у свае сорак на ўсе семьдзесят выглядае, змарнелая, замучаная, чорная ад працы. Мая нявестка таксама ад працы ўчарнела, а нядаўна, калі ўсе соль хапалі ў краме, кажу бяжы, а то ж не хопіць, а яна як выйшла з будкі так і ўпала: ў спякоту палезла выбіраць памідоры, бо сын з Мінска патэлефанаваў, сказаў, каб здавала хутчэй, бо цана ў сталіцы папаўзла ўніз. Я галасіла, галасіла, што не будзе чым і ежу пасаліць, а потым успомніла, што недзе на печы паўмяхі солі засталося яшчэ ад маці маёй, палезла, знайшла, то тады толькі і супакоілася. Васіль, вэтэран наш апошні, кажа, вайна будзе, прыйдуць натаўцы і ўсіх пазабіваюць. А я вось што думаю, нават калі дапусціць, што тым натаўцам больш няма чаго рабіць, як да нас лезці (а што ж з нас узяць, з галадранцаў, нафты ў нас няма, газу таксама, няўжо ж ім нашыя памідоры патрэбныя?), ды вось нават калі яны сунуцца да нас, то не паспеюць, не, не паспеюць, бо да гэтага часу мы самі сябе ад такога добрага жыцця знішчым, і ўлада нам у гэтым дапаможа. Мала таго, што мы самі сябе атручваем, кропячы памідоры рознай дрэнню, а як жа не крапіць, ніхто ж не хоча замест ураджаю хвігу атрымаць, дык нас яшчэ і аблажылі з усіх бакоў. З аднаго – пасярод маляўнічага лясочка зрабілі раённую сметніцу, з другога – пабудавалі ферму, з трэцяга – пасадзілі велізарных памераў сад, (не абыйсці яго, не аб’ехаць), дрэвы нават з верталёту абрабляюць, а пра чацвёрты бок, дзе ўжо даўным даўно глядзіць на нас чорнымі пустымі вачыма забітае балота, я ўжо і не кажу. – Баба Маня, гэта ўсё лірыка, ты мне канкрэтную якую навіну, праблему агуч, калі ласка! – Праблему? Будзе табе і праблема. Возьмем для прыкладу Ліду, яна — інвалід, сельсавет усім інвалідам дае брыкет па льготнай цане, але Ліда жыве не адна, а з сынам, што з раніцы да вечара каля крамы сядзіць, света белага з-за чарніла не бачыць, сын прапісаны, значыць “не паложана” Ганьцы льготнай цаны на брыкет, купляй па камерцыйнай, але дзе ж яна грошы возьме? Прывезла яна нейкае смецце замест дроў, глядзець балюча…Няўжо ж яна павінна сына свайго роднага выгнаць з хаты, каб дзяржава ёй дала брыкет? А яшчэ… – Не, баба Маня, хопіць, добры журналіст павінен ведаць, калі спыніцца, прыхаваць тое-сёе на наступны раз… Ведаеш, баба Маня, не сумнявайся нават: ты самы сапраўдны народны журналіст. Калі б у нашай краіне ўсе былі такімі журналістамі, як ты, шчыра гаварылі, аб тым, што думаюць пра жыццё, аб тым, што баліць астатнім, жылі б мы ў зусім іншай дзяржаве… Аўтар: Наталля Ярмольчык |


