Стаўбцоўскі раён: дачнікі VS фуры
![]()
Мой суразмоўца садзіць мяне ў машыну і вязе па дарозе ў бок садовых кааператываў (лецішчаў) у Стаўбцоўскім раёне. Падскочыўшы на чарговай калдобіне і бразнуўшы падвескаю машыны, спадар Ігар (імя змененае – М.В.) голасна абураецца: “Бачыце, зноўку яны тут раз’язджалі! Падвеска ў машыне ўжо паляцела!” Змаганне дачнікаў з фурамі цягнецца больш за год.
Яшчэ мінулым летам спадар Ігар разам са знаёмымі з суседніх кааператываў абвесцілі фурам вайну. “Гэтая гравейная дарога вядзе ад Берасцейскай трасы да нашых кааператываў. Тут маюць лецішчы каля тысячы чалавек – і ўсім ім ёсць толькі адзін шлях туды. Калі грэйдэры параўняюць дарогу – ехаць яшчэ магчыма. Але пройдзе дождж, яе размывае ўшчэнт – і праблема вяртаецца”.
Галоўная прычына гневу дачнікаў – гэта фуры, якія псуюць дарогу. “Праз два кіламетры вышэй па трасе ёсць дарожны пункт “Коласава”, дзе фуры мусяць сплочваць 10 еўра за карыстанне трасаю. А яны ж хітруюць – аб’язджаюць гэты пункт нашаю дарогаю, каб не плаціць!” У выніку дарога разбітая, а дачнікі вымушаныя замест спеваў птушак слухаць бразгатанне цяжкіх машынаў, дыхаць хмарамі пылу ад іх. І гэта не перабольшанне – Берасцейская траса міжнародная, звязвае Расію і Еўропу, фуры тут едуць адна за адной.
Спадар Ігар прыгадвае, што найперш дачнікі звярнуліся мінулым летам да стаўбцоўскіх дарожнікаў. Але тыя толькі развялі рукамі – маўляў, мы сваю справу робім, дарогу раўняем, а фурам тут ездзіць не забаронена – нічога зрабіць не можам. Дачнікі накіравалі пісьмовы зварот ў Стаўбцоўскае ДАІ з просьбаю ўсталяваць знак забароны для фураў, але тыя адмовіліся: немэтазгодна. Маўляў, мы спраўджвалі – фуры не ездзяць.
Тады спадар Ігар абраў іншую тактыку: “Фуры ж не плоцяць 10 еўра ў пункце? Не плоцяць! Грошы ідуць міма касы – то бок міма дзяржаўнага бюджэту. Вось гэта я і паведаміў на гарачую лінію Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю”. ДФР адказаў, што разбірацца з фурамі – не ў іхнай кампетэнцыі, але даслаў лісты стаўбцоўскім даішнікам і дарожнікам. “Відаць, пячатка ДФР на адказах так уразіла іх, што літаральна праз пару дзён, напрыканцы чэрвеня, знак “Рух аўтамабіляў масай больш за 10 тон забаронены” ўжо стаяў пры дарозе”, — смяецца спадар Ігар.
Падаецца, што на гэтым гісторыя мусіла скончыцца, але… фуры пайшлі ў наступ! “Еду на лецішча, гляджу – а знак наш у кустах валяецца! Я давай тэлефанаваць 102, прыехаў участковы, уклаў паперы. Відаць, кіроўцы фураў са злосці яго выцягнулі”, — гаворыць спадар Ігар. Знак паставілі на месца. “Нехта яшчэ прымацаваў на яго шыльду: “Фурам б’ем шкло камянямі. Дачнікі”, — загадкава ўсміхаецца мой суразмоўца. Праз дзень шыльда знікла разам са знакам. На трэці раз дарожнікі знак зацэментавалі. Пакуль што ён стаіць. Ці перасталі ездзіць фуры? Ці ездзяць у парушэнне правілаў? “Ездзяць! Калі ўжо зусім надакучваюць, я тэлефаную ў Стоўбцы даішнікам, яны выязджаюць лавіць іх. Аднойчы 6 пратаколаў за некалькі гадзін склалі. Спадзяюся, што такая практыка і рэгулярныя штрафы адвучаць кіроўцаў фураў псаваць нашую дарогу. А не – дык пойдзем у партызаны. Будзем класці на дарогу дошкі з цвікамі – няхай едуць!” Спадара Ігара расчароўвае тое, што такіх энтузіястаў сярод тысячы ўладальнікаў лецішчаў няшмат. “Да мяне падыходзяць суседзі, скардзяцца на дарогу, лаюцца на фуры, пытаюцца пра перапіску з дарожнікамі і даішнікамі, але самі нічога не робяць! Не вераць, што мы сваімі сіламі можам нешта зрабіць. Можа, пабачаць на прыкладзе мяне і маіх знаёмых, што гэта рэальна, і будуць далучацца. Праблемаў на месцы хапае… Напрыклад, адсутнасць выбараў старшыні садовага кааператыву. Захапіў тут адзін чалавек уладу і сядзіць ужо шмат гадоў на сваёй пасадзе…” Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя… Аўтар: Марыя Вештарт, Стоўбцы-Мінск |



