Сумныя вынікі інавацый
![]() Сумныя вынікі выканання праграмы імпартазамяшчэння: крухмальны завод ААТ “Новая Друць” пакуль прыносіць толькі страты У свой час у Магілёўскай вобласці, ды і ў краіне ў цэлым, было вельмі шмат “шуміхі” наконт запуска новага імпартазамяшчальнага прадпрыемства ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, – крухмальнага завода ў гаспадарцы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ААТ “Новая Друць”. Шматлікія чыноўнікі і прадстаўнікі дзяржаўных СМІ з імпэтам распавядалі пра тое, якія выгоды гаспадарцы прынясе новае прадпрыемства, пабудаванае згодна інавацыйных тэхналогій з дапамогай “доблесных” кітайскіх спецыялістаў, і колькі “зялёных” грошай будзе паступаць у сінявокую Беларусь за кошт імпарту запатрабаванай ва ўсім свеце прадукцыі – крухмалу. Калі ж прыйшоў час падводзіць першыя вынікі працы крухмальнага завода ААТ “Новая Друць”, высветлілась, што прадпрыемства, на ўвод у эксплуатацыю якога было выдаткавана больш за 19 мільярдаў рублёў (дарэчы, яшчэ больш-менш паўнаважкіх, да абодвух дэвальвацый), за два з паловай гады эксплуатацыі прынесла амаль адзін мільярд страт… На экспарт сваю прадукцыю за два гады працы завод здолеў адправіць толькі двум расійскім спажыўцам. Узнікае абсалютна абгрунтванае пытанне: куды глядзелі шматлікія чыноўнікі з Бялыніцкага райвыканкама і Магілёўскага аблвыканкама, калі марнавалі процьму дзяржаўных грошай (падкрэслю, – валюты) на запуск абсалютна стратнага прадпрыемства і чаму зараз яны самі не працуюць непасрэдна на гэтым прадпрыемстве, каб даказаць яго эканамічную эфектыўнасць, аб якой яны спявалі прыгожыя “песні” раней? Я ўжо даволі шмат разоў звяртаўся да тэмы “запуска” крухмальнага завода ў Бялыніцкім раёне, таму распавяду крыху аб тым, як гэты працэс адбываўся. Мінулае кіраўніцтва Бялыніцкага раёна і ААТ “Новая Друць” пачалі “запускаць” крухмальны завод, які будавалі “доблесныя” кітайскія спецыялісты, з верасня 2007 года, калі ён павінен быў пачаць працаваць згодна першапачатковага плану. Дарэчы, наогул было абсалютна незразумела, які разумнік дадумаўся даверыць будаўніцтва завода кітайскім таварышам і везці “якаснае” кітайскае абсталяванне за дзесяць тысяч кіламетраў, калі побач знаходзіцца Германія (лініі па вытворчаці крухмала, вырабленыя ў гэтай краіне, лічацца лепшымі ў свеце). Прычым нямецкія спецыялісты заўсёды гарантуюць працу свайго абсталявання на некалькі гадоў і самі праводзяць рэгламентныя работы. Сярод спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны Бялыніцкага раёна выказвалася шмат меркаванняў, каму мог быць выгадны “кітайскі”накірунак… Ну а кіраўнікі гаспадаркі і раёна сцвярджалі, што проста выбралі самы танны і якасны праект Пекінскай праектна-вытворчай карпарацыі “Clekc”. Пра таннасць лепш чым руская пагаворка “за морем телушка – полушка, да рубль перевоз” не скажаш, ну а наконт характарыстыкі якасці асабіста мне спецыялісты мінскага будаўніча-мантажнага упраўлення, што збіралі модуль, выказваліся выключна ненарматыўнай лексікай… Дарэчы, тыя ж самыя кітайскія спецыялісты будавалі і другі беларускі крухмальны завод, які быў здадзены ў эксплуатацыю ў верасні 2009 года, у іншай гаспадарцы Нацбанка, – ААТ “Айчына” у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Пра пачатак працы крухмальнага завода раённая газета “Зара над Друццю” урачыста абвесціла незадоўга да адбыўшыхся ў 2008 годзе паламенцкіх выбараў, але акт аб пуску першай чаргі прадпрыемства быў падпісаны толькі амаль праз тры месяцы – 28 лістапада 2008 г. На прадпрыемстве адразу ж пачалісь вялікія праблемы з працай абсталявання, якое пастаянна псавалась, ачышчальных збудаванняў. Добра памятаю, як падчас перадвыбарчай дэпутатскай кампаніі тагачасны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў “ад улады”, а зараз віцэ-прэм’ер ураду па сельскай гаспадарцы і перапрыцоўваючых прадпрыемствах Валерый Іваноў на сустрэчах з выбаршчыкамі распавядаў пра тое, што гэта часовыя цяжкасці і хутка прадпрыемства запрацуе на поўную моц. Што ж, зараз у вас, Валерый Мікалаевіч, ёсць усе магчымасці, каб нарэшце спраўдзіць свой прагноз… Большай жа частцы насельніцтва Бялыніцкага раёна ад самага пачатку будаўніцтва завода было абсалютна не зразумела, навошта будаваць завод менавіта ў Цяхціне. У Бялынічах шмат гадоў працаваў крухмальны завод, які па сваіх паказчыках быў адным з лепшых у краіне. Захавалася база прадпрыемства, шматлікія прыстасаваныя будынкі і абсталяванне, нарэшце, людзі, якія добра ведалі тэхналогію вытворчасці крухмалу. Ды і завод, абсталяванне з якога раённыя ўлады распрадаюць да гэтага часу, размяшчаўся літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад аўтатрасы Мінск-Магілёў, меў вельмі добрыя пад’яздныя шляхі. Былы шматгадовы кіраўнік Бялыніцкага крухмальнага завода, які ў свой час зрабіў яго перадавым прадпрыемствам харчовай галіны краіны, Сяргей Сяргеевіч Лапацентаў кажа, што рашэнне аб будаўніцтве крухмальнага завода ў Цяхціне было прынятае альбо людзьмі вельмі недалёкімі, альбо людзьмі вельмі ў нечым зацікаўленымі. Паверце мне на слова, абсалютная большасць бялынічан яго думку падзяляюць… Літаральна ў мінулым месяцы працу крухмальнага завода ў Цяхціне, як і ўсяго таварыства “Новая Друць”, праверылі спецыялісты камітэта дзяжкантролю Магілёўскай вобласці. Яны высветлілі проста жахлівыя рэчы: інавацыйны завод, на “запуск” якога змарнавана процьма валютных рэсурсаў, да гэтага часу не толькі не выйшаў на праектную магутнасць, але і пастаянна зніжае прадукцыйнасць працы. Загружанасць прадпрыемства склала 42 % у 2009 годзе і 19 % – у 2010. І гэты паказчык зусім не здзіўляе, бо ў 2009 годзе прадпрыемства адпрацавала ўсяго 41 дзень, а ў 2010 і таго менш – 19. Між тым, чым больш завод загружаны і чым больш працуе абсталяванне, тым хутчэй акупяцца затраты, укладзеныя ў вытворчасць. Ды і па нормах, устаноўленых вытворцамі абсталявання, для яго акупляемасці , заводь павінен працаваць не менш за сто дней у год. А не працуе завод таму, што не хапае сыравіны, – бульбы для перапрацоўкі і вытворчасці крухмалу. Ды і тая бульба, якая ідзе на перапрацоўку, вельмі нізкай крухмалістасці – 9-13 %, таму затраты на яе перапрацоўку ўзрастаюць шматразова. У той жа суседняй Польшы для вытворчасці крухмалу выкарыстоўваецца бульба з крухмалістасцю 20-24 %, пра якую канкурэнтаздольнасць прадукцыі цяхцінскага прадпрыемства можа іці размова… Яшчэ больш пытанняў узнікае да тых спецыялістаў і чыноўнікаў, якія складалі эканамічнае абгрунтаванне эфектыўнасці працы крухмальнага завода ў Цяхціне. Кіраўнік ААТ “Новая Друць” Уладзімір Канавалаў, які ўзначаліў гаспадарку ўжо пасля запуску ў эксплуатацыю крухмальнага завода, выказаўся на гэты конт у матэрыяле, змешчаным у газеце “Советская Белоруссия”, так:
Мне асабіста вельмі цікава, ці адкажа хто-небудзь сваёй пасадай за запуск у эксплуатацыю прадпрыемства, якое за два гады пасля ўвода ў эксплуатацыю прынесла замест прыбытку амаль мільярд рублёў стратаў, на пабудову якога было было змарнаваныя дзевятнаццаць мільярдаў рублёў дзяржаўных грошай і якое фактычна амаль не працуе? Аўтар: Іван Барысаў |


