Loading

У чарзе па сметніцу

 

У горадзе Клецку, як і па ўсёй краіне, вельмі любяць рабіць усё напаказ: ладзіць шыкоўныя кветнікі, рэгулярна абкошваць газоны. І фанабэрліва выказвацца: у нашым мястэчку парадак і чысціня. Так і падаецца на першы погляд. Але, пераехаўшы з вёскі Янавічы ў Клецк, мая сям’я тут жа сутыкнулася з непераадольнай праблемай – вывазам смецця. Напачатку яна і не здавалася такой ужо складанай. Па-за межамі горада стаялі кантэйнеры, куды жыхары вывозілі смецце. Безумоўна, гэта было не вельмі зручна, бо да сметніц было крыху болей за кіламетр у адзін бок, але прызвычаіліся. Набылі адмысловую торбу, у якую можна было б пакласці адыходы ды раз на тыдзень выбрацца ў падарожжа. Грошы за такую ласку ніхто не браў. Адзінае, што вываз смецця займаў каля гадзіны часу. Гэткая выгода цягнулася нядоўга: кантэйнеры прыбралі, а на іх месцы ўсталявалі клумбы ды шыльдачку “Смецце не выкідаць. Штраф”. Узнікла праблема, куды ж яго падзець? Выключэнне складалі “шчасліўчыкі”, што мелі свае ўласныя кантэйнеры, якія пасля кожнага вынасу смецця старанна зачыняліся і нават замыкаліся. Радасці ад гэтага ў жыхароў ды іхных суседзяў мала, бо летам са скрыняў жахліва патыхае. Я як чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй паспрабавала вырашыць гэтую праблему праз ЖКГ. Запісалася на прыём да кіраўніка гэтай установы сп. Навіцкага. Распавяла аб праблеме жыхароў нашай вуліцы ды і горада цалкам. Прапанавала паставіць катэйнеры на вуліцах і браць з людзей аплату за вываз смецця, але сп. Навіцкі адмоўна паматляў галавой, патлумачыўшы, што гэта складаная аперацыя, якая патрабуе супрацы з банкам, бо трэба ўнесці кожную кватэру ў рахунак і налічваць аплату. Ведаю, што ў суседніх раённых цэнтрах такой праблемы не існуе, там стаяць кантэйнеры для смецця і бяруцца грошы за паслугу. Сп. Навіцкі прапанаваў мне яшчэ адно выйсце: сабраць подпісы і распіскі жыхароў нашай вуліцы, што яны згодныя сартаваць смецце па кантэйнерах: папера, шкло, пластык, харчовыя адкіды. У выпадку парушэння парадку сартавання на жыхароў будуць накладваць штрафы. Тут я ужо не стрымала смех: хто ж будзе падпісваць сам сабе прысуд? Ці мы мусім выстаўляць вартаўніка, каб пільнаваў злосных парушальнікаў?

 

Я выявіла сябе эгаісткай і папрасіла выдаць кантэйнер толькі нашай сям’і. У адказ пачула: “А вы ведаеце, колькі ён каштуе? 400 тысяч!” Ад нечаканасці ў мяне вырвалася: “Колькі?” Хоць гэта занадта вялікая сума для мяне, бо гэта тры чвэрткі ад маёй пенсіі, я тут жа пагадзілася на прапанову, спадзеючыся на шчаслівае заканчэнне. Спадар Навіцкі прапанаваў мне зайсці ў суседні кабінет і аформіць выпіску на гэты “скарб”. Якое ж было маё здзіўленне, калі мне прапанавалі стаць на чаргу па сметніцу. Так, менавіта на чаргу. Я пагадзілася і тут жа пацікавілася тэрмінамі, калі мне чакаць выканання, каб назбіраць да гэтага моманту патрэбную суму грошай. Цётачка, зазірнуўшы ў паперы, сказала, што я буду ў чарзе 211-я. “Колькі ж сметніц на год вы ўсталёўваеце?” – не змагла я стрымаць сваю цікаўнасць. “Ад адной да дваццаці”, – пачула я ў адказ. “Дык гэта ж дзесяць год стаяць у чарзе па кантэйнер!” “А што вы хацелі, пераехаць і адразу камфортна жыць?”, – даволі агрэсіўна адказала мне супрацоўніца ЖКГ. Я паспрабавала вярнуцца да кіраўніка, але былая ветлівасць службоўца знікла. Ён сказаў, што мяне ўжо прымаў; калі я хачу зноў да яго зайсці, то мушу запісацца і прыйсці ў новапрызначаны час.

 

У той час як у цэнтры паселішча высаджваюць дарагія кветкі, людзі вечарамі шукаюць, куды б выкінуць смецце. У выніку вывозяць на аўтамабілях, роварах, вазках і пакідаюць на ўзбочынах дарог, у закінутых вёсках, лясах.

 

Пакуль кіраўніцтва раёна займаецца прычэсваннем газонаў, выдаткоўваючы на гэта дзяржаўныя сродкі, рэальныя праблемы застаюцца па-за ўвагай і па-за бюджэтам.

 

Што прапанаваць кіраўніку ЖКГ для вырашэнне праблемы гараджан, я пакуль што не ведаю, бо ўсе звароты натыкаліся на адзін і той жа адказ: няма грошай. Але ісці і змагацца за свае правы трэба, гэта я ведаю дакладна.

Надзея Лушчынская