Loading

Шчасце мацярынства?

Момант нараджэння дзіцяці амаль для кожнай жанчыны самы шчаслівы момант у жыцці. Гэта маленькае і такое пяшчотнае Божае стварэнне яна чакала ажно дзевяць месяцаў. Але гэтае чаканне зачастую ператвараецца ў суцэльнае хаджэнне па пакутах. Чаму так адбываецца?

Увесь гэты час жанчына павінна па некалькі разоў на тыдзень хадзіць да лекараў. Шмат хто скажа, што гэта не самае цяжкое. Але па некалькі гадзін сядзець у чарзе спачатку на аналіз, потым да доктара для жанчыны з моцным таксікозам бывае проста невыносна. А калі ў жанчыны ёсць яшчэ дзеці, ці яна занятая на працы? А ўвечары ж многія спецыялісты не працуюць, і аналізы не бяруцца. І вось, гэтая бедная жанчына вымушаная кідаць сваё маленькае дзіцятка і ляцець у жаночую кансультацыю. Адседзеўшы там две гадзіны, яна ляціць дадому, а праз яшчэ дзве гадзіны ёй патрэбна ісці на УЗІ. Пры ўсім гэтым у яе страшэнны таксікоз і апроч ложка яна не можа ні аб чым думаць. На позніх тэрмінах трэба хадзіць да гінеколага кожныя два тыдні і без конца здаваць аналізы. Хто жыве побач, той не адчуе такіх цяжкасцяў. А напрыклад з раёна Парашкой ці з Лясных жанчыне толькі ехаць больш за 30 хвілін. За 8 месяцаў неабходна каля 30 разоў наведаць кансультацыю. Калі жанчына працуе, цяжкасці пачынаюцца з працай. Калі жанчына пачынае скардзіцца на адсутнасць часу і немагчымасць наведаць доктара, той ставіць яе перад фактам, что грашовай дапамогі па цяжарнасці можна і не атрымаць.

Неабходнасці ў змене графікаў работы жаночай кансультацыі, нажаль, ніхто не бачыць. Нікому няма справы і да медкамісіі, якую неабходна прайсці цяжарнай. Трэба ж абысці амаль усіх спецыялістаў. Усім добра вядома, колькі хворых людзей знаходзіцца ў паліклініцы, і не заўсёды можна прайсці без чаргі. У маім жыцці такіх камісій было тры. Вельмі шмат чаго я была вымушана выслухаць ад людзей. Мала хто хоча прапускаць перад сабой. Асабліва ў перыяд грыпу, калі да педыятра вельмі шмат хворых, і ўсе імкнуцца хутчэй да яго патрапіць. Сядзіш, закрываеш твар і вельмі перажываешь за сваё здароўе. Існуюць жа асобныя медкамісіі для кіроўцаў і тых, хто ўладкоўваецца на працу, ў асобнай паліклініцы, чаму б не зрабіць тое ж самае і для цяжарных. Там няма такіх чэргаў, там няма хворых і старых людзей. Я мяркую, каб было гэта за нейкую плату, то многія жанчына выбралі б гэтую медкаміссію.

Але вось тая доўгачаканая дата родаў, радзільнае адзяленне і розныя малапрыемные працэдуры. Калі жанчына па сваей прыродзе вельмі сарамлівая і сціплая, ёй прыходзіцца сутыкацца з непрыемнымі рэчамі, такімі напрыклад, як яе агляд, розныя маніпуляцыі і нават самі роды ў прысутнасці іншай такой жа парадзіхі. А ў гэты час некалькі санітарак стаяць, глядзяць і дзеляцца паміж сабой сваімі навінамі. Няма ніякай ізаляцыі і, пры гэтым, павагі да жанчыны, якая дае іншае жыццё, да яе інтымнасці. Нават прысутнічае несхаванае раздражненне персаналу, што да яе сарамлівасці. Натуральна, у такіх сітуацыях перастаешь адчуваць сябе чалавекам. Безумоўна, нельга сказаць, што ўсе акушэры і санітаркі блага працуюць. Мне несказана пашанцавала і ўсе тры разы я была ім ўдзячная. Але не ўсе працуюць ад шчырага сэрдца. Заробкі маленькія, а нагрузкі вялікія. Але пакуль не аб гэтым.

Адзяленне, дзе знаходзяцца маці з немаўлём ужо пасля родаў, проста “ўражвае”. Таксама ніякай ізаляцыі і павагі . На ўсіх толькі адзін душ і туалет адзін, праўда, на дзве кабінкі, але кабінкі тыя без дзвярэй, таму ўсё навідавоку. То санітарка зойдзе з вядром, то іншая жанчына. Душ – гэта проста пакой, ў якім збоку зроблены сіфон, а пад нагамі паламаны паддон, на якім вельмі страшна стаяць. Ад сырасці ўся столь у цвілі, а на акне няма фіранак. Восенню, калі спадае лісце на дрэвах і рана цямнее, душавая становіцца бачная з бальніцы насупраць. Увогуле, радзільны дом даўно патрабуе капітальнага рамонту. Але і гэта не самае непрыемнае. Тое, ў што заварочваюць немаўлятак, падобна на анучу для мыцця падлогі. Гэта нешта рванае, шэрае, з вялікімі дзіркамі і заплаткамі. Пялюшкі наогул невядома з чаго. Свае прынесці нельга і даводзіцца карыстацца гэтым.

У Беларусі часта з высокіх трыбун можна пачуць словы заклапочанасці аб даволі кепскай дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, аб захадах дзяржавы па спрыянні нараджальнасьці, аб клопаце пра здароўе парадзіх. Ці адпавядаюць гэтыя словы чыноўнікаў таму, што насамрэч адбываецца ў гэтай сферы? Мы паспрабавалі паказаць гэта на прыкладзе горада Мададзечна, які ў журналісцкіх колах любяць называць “горадам сонца”.

Аўтар: Наталля Бабёр