Loading

Як працуе КДБ

Калі раней я чула гісторыі, падобныя да той, што я збіраюся зараз апісаць, яны пакідалі ў мяне пачуцце легкага недаверу. Нават не так – нерэальнасці. Ты добра ведаеш, што гэта было, амаль усе ведаюць… Але усе маўчаць, а падзеі настолькі абсурдныя, што з цягам часу перастаеш верыць у іх рэчаіснасць.

22 лютага 2010 года мой тата, Васіль Іванавіч Завадскі, выйшаў з бальнічнага на работу, а з работы дадому не вярнуўся. Мабільны быў адключаны. Мама супакойвала сябе: паехаў на дачу – села батарэя… Яшчэ дзень ніхто не мог да яго датэлефанавацца. А на наступны дзень у нашу кватэру пазванілі трое незнаемых мужчын. Як аказалася, з КДБ. Прыйшлі абшукваць кватэру. Вось так, праз два дні, мы даведаліся, дзе тата – “затрыманы”. На пытанне “За што?” пачулі кніжна-знаемы адказ: “У нас ни за что не сажают.”

Шукалі – на наша вялікае здзіўленне – наркотыкі. Не знайшлі. Але тату не адпусцілі. Нашы спробы даведацца, што адбываецца, як гэта разумець і чаго чакаць, былі няўдалымі. КДБшнікі маўчалі, а ўсе калегі і знаемыя, як і мы, нічога не маглі зразумець. Была гэткая аптымістычная надзея, ці, можа, вера, што праз тры дні (тэрмін, за які павінны выдвінуць абвінавачванне) яго, канешне, адпусцяць. Бо нічога, акрамя памылкі, тут быць не можа. Але праз тры дні яго не адпусцілі, і абвінавачванне не выдвінулі. Так мы даведаліся, што ў асабліва сур’езных выпадках нашы спецслужбы маюць права трымаць чалавека 10 дзен без аб’яўлення абвінавачвання. І што выпадак асабліва сур’езны. На ўсе пытанні нам цяпер адказвалі “З вамі павінны быў звязацца адвакат.” Але ніякі адвакат з намі не звязваўся, што пужала яшчэ больш. Здавалася: неабходна хутчэй нешта рабіць. Мы нанялі свайго адваката. Тым часам мінала 10 дзен, тата заставаўся у СІЗА…

На адзінаццаты дзень, мы пачулі абвінавачванне і зноў не паверылі – “хищение психотропных препаратов”. Тэрмін зняволення ад пяці да васьмі гадоў.

Нам пастаянна тэлефанавалі татавы сябры і калегі, якія таксама не маглі зразумець, што да чаго. Галоўным пытанням для усіх стала: хто мог яго так падставіць?

Тут, напэўна, трэба троху адысці ад апавядання і патлумачыць. Па спецыяльнасці мой тата псіхатэрапеўт. Як усе будучыя дактары-мужчыны, праходзіў ваенную кафедру. Па размеркаванню яму давялося працаваць у медчасці працоўна-папраўчай калоніі ў Горках. А на момант здарэння ён ужо займаўся медыцынскім забяспечаннем зняволеных. Прасцей кажучы, кантраляваў забяспечванне асуджаных своечасовым лячэннем і медпрэпаратамі. І, як хацеў даказаць наш Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі, пры гэтым недзе краў наркатычныя рэчывы і некуды іх збываў.

Потым знаемыя дактары патлумачылі нам: калі трэба “закрыць” нейкага ўрача – гэта першы артыкул. Няхай “органы” не знайдуць доказаў, што злачынства, і праўда, было, – гэта не галоўнае. Вы не дакажаце, што не было – і гэтага дастаткова.

Мы ж наіуна працягвалі спадзявацца на памылку, хаця ўжо пачало выяўляцца нешта большае. Наўмыснае і сур’езнае. У справе раптам з’явіліся новыя паказанні і вядомыя прозвішчы. Начальнік Рэспубліканскай бальніцы для асужданых, Аляксей Паўлічэнка (не блытайце з Дзмітрыем – гэта яго брат) пісаў, што Васіль Іванавіч Завадскі неаднаразова тэлефанаваў яму, пагражаў, крычаў, “вел себя невменяемо”, і патрабаваў ад яго псіхатропныя прэпараты. Ну а ён, як чалавек падначалены ( хаця, на самой справе, ен прамым татавым падначаленым і не з’яўляўся) не мог яму адмовіць. З’яўленне ў справе такога гучнага прозвішча наводзіла на думкі… Мы даведаліся, што Аляксея забралі у КДБ на дзень раней за тату, і праз тры дні адпусцілі пад падпіску. Нашага ж тату трымалі ўжо каторы тыдзень. Следчы патлумачыў: “Гэта ж усе залежыць ад яго. Калі б ён хацеў з намі супрацоўнічаць…”

Тата супрацоўнічаць не хацеў. Больш за тое, як і мы, нават не разумеў, у чым справа. Да гэтых пор невядома, адкуль узяліся “псіхатропныя прэпараты”, “асабліва буйныя памеры”… Нідзе ніякіх доказаў. У таты у аптэчцы знайшлі канвалютку (20 таблетак) Алзалама, які проста набываецца у аптэцы па рэцэпту. Менавіта за гэта, па афіцыйным дадзеным, яго трымалі у СІЗА ўжо некалькі месяцаў. Мяняліся тэрміны і абвінавачванні, версіі следства… Па тэлевізару і радыё аб’явілі, што раскрыты і затрыманы ўдзельнікі групоўкі, якая займалася перапраўкай наркотыкаў з Мінска ў Вільню, і сярод затрыманых – Васіль Іванавіч Завадскі. Хочацца адмеціць, што гэта было месяцаў за пяць да суда і прысуду. Ды КДБшнікі, напэўна, і не ведаюць, што такое прэзумпцыя невінаватасці.

Але пры чым тут Вільня – тата там не быў ужо год дзесяць? Напэўна, пры тым, што я вучуся ў ЕГУ і езжу у Літву на сесіі…

Працягвалася гэта гісторыя дзесяць месяцаў. Якіх толькі абвінавачванняў мы не пачулі! Быў і “предварительный сговор”, і “преступная группировка”, тэрміны аб’яўляліся аж да адзінаццаці гадоў. А з рэчавых доказаў – канвалютка таблетак у аптэчцы. Вось вам і буйныя памеры.

А з чаго усё пачалося.
Калі праз дзесяць месяцаў тату адпусцілі на волю па УДВ, ён ужо ведаў адказы на некаторыя пытанні.

Дык усё ж такі, з чаго усе пачалося? Каму гэта было патрэбна і дзеля чаго?
Назначылі новага КДБшніка, які павінен быў курыраваць наш Дэпартамент (так, у нас у кожнай установы есць чалавек з КДБ, што сочыць за яе працай). І гэтаму новаму КДБшніку, відаць, вельмі хацелася раскрыць якую-небудзь вялікую справу. Вось ен нас і звязаў у групоўку (смяецца).

А доказы? Іх жа не было! Як яны збіраліся пацвердзіць абвінавачванне?
Гэтага я не ведаю. Думаю, іх гэта не асабліва хвалявала. Бываюць такія выпадкі, калі яны нават самі ствараюць сабе доказы…

Гэта як?
Ну вось, напрыклад, са мной у камеры сядзеў чалавек, ен расказваў, як туды трапіў. Да яго амаль што кожны дзень прыходзіў знаёмы і угаворваў перадаць грошы аднаму супрацоўніку. Сам ён нібы саромеўся ці яшчэ нейкія прычыны знаходзіў… Гэты мой сукамернік, зразумела, адмаўляўся. Дык, кажа, вельмі доўга гэты чалавек за ім хадзіў, прасіў… У выніку, паклікаў ен таго супрацоўніка, што быў патрэбны знаемаму, да сябе у кабінет. І там знаемы перадаў яму грошы. А апавядальніка арыштавалі за “пособничество в передаче взятки”. Знаёмы, аказалася, працаваў у КДБ і такім чынам “раскрыў” справу.

Нічога сабе! А хіба так можна рабіць? Ён жа сам не збіраўся даваць хабар! Гэта ж правакацыя!
Есць у іх такі метад працы – нават узаконены. Але, калі чалавек з першага разу адмаўляецца, нават ім не дазволена далей працягваць…

Дык так жа, каго хочаш, можна пасадзіць…
Можна. Я не адну такую гісторыю чуў. Вось мой калега нядаўна таксама расказваў, як да яго знаемы КДБіст падыходзіў, і прамым тэктам казаў: “У нас заданне – пасадзіць групоўку дактароў. Дапамажы злавіць вашага галоўнага урача, трэба, каб ён грошы ўзяў за бальнічны ліст…” Той, канечне, абурыўся: які доктар будзе так калегу падстаўляць!

А з тым галоўным урачом што стала?
А, кажа, сустрэў потым таго КДБшніка, спытаўся: ну што? А той адказаў: “Ай, дык ваш галоўны урач тады сам на бальнічны пайшоў, яго на месцы не было, а потым нам ужо новае заданне далі…”

Пашанцавала, можна сказаць…
Усміхаецца: ну, напэўна.

Дык а з тваёй справай што? Як яны абгрунтоўвалі тваё знаходжанне у СІЗА столькі месяцаў?
Ой, ды яны столькі усягі перабралі! Калі зразумелі, што з медпрэпаратамі ў іх не выходзіць, сталі чапляцца, да чаго толькі можна. Пыталіся, ці сустракаўся я з Алегам Алкаевым*. Я ім кажу: не сустракаўся. Яны мне: “А у нас есть сведения, что встречались”. Ну што я ім на гэта скажу? Пыталіся: “А как ваша дочь поступила в ЕГУ?” Я кажу: “Ну, у інтэрнэце знайшла сайт, даведалася пра спыты і паступіла”. Ен мне з’едліва так: “У інтэрнээце…”

Я, навогул, шмат думаў аб тым, навошта ім было столькі трымаць мяне у заключэнні… Зразумела, што опер, які веў гэтую распрацоўку, калі арыштоўваў мяне, спадзяваўся на нешта большае. Хацеў раскрыць гучную справу, неяк вызначыцца… Для таго і аб’явілі пра гэты канал пастаўкі наркотыкаў з Беларусі ў Літву. Ну і каб у тых, хто на свабодзе не ўзнікала пытанняў, за што мяне затрымалі. Сам жа я тады не ведаў, у чым яны мяне абвінавачваюць публічна. Ну потым, канешне, пшык атрымаўся…

Есць яшчэ варыянт, што перад выбарамі яны хацелі убраць усе, нават самыя маленькія пагрозы рэжыму. Інакш, нават калі мяне і судзіць за гэтыя 20 таблетак, то навошта дзевяць месяцаў трымаць у СІЗА…

Пасля выбараў гэтую справу неяк замялі, перасталі раскручваць, відаць, палічылі неперспектыўнай, ці патрэбы такой ужо не было. Тату асудзілі на два з паловай гады і праз пару месяцаў вызвалілі умоўна-датэрмінова. Іншым фігурантам справы далі навогул умоўныя тэрміны, таму што яны да суда не знаходзіліся пад стражай.

Тата, вядома, такім вынікам быў незадаволены. Ён усё ж такі чакаў апраўдальнага прысуду. Але разумее, што магло быць і куды горш:

Зараз наша улада можа дазволіць сабе ўсе, што заўгодна. Могуць пасадзіць невінаватага, вызваліць вінаватага, абылгаць. І ёсць яшчэ шмат спосабаў заставіць чалавека маўчаць.
Але ёсць у гэтым і віна саміх беларусаў.

Зразумела, калі ты ўжо апынуўся за кратамі, цяжка нешта зрабіць. Але тыя, хто застаецца на волі, не павінны маўчаць і бяздзейнічаць. Выпадкі, падобныя на апісаны, у нашай краіне здараюцца настолькі часта, што апынуцца у цэнтры такіх падзей можа кожны. Таму нельга заставацца безуважным да гэтага. Дапамагчы вязням можна па-рознаму. Можна дапамагчы грашыма – часцей за ўсе штрафы, якія накладаюцца на такіх вязняў, проста непамерныя для аднаго чалавека. Можна проста гучна сказаць праўду і не даць абылгаць чалавека, павесіць на яго таўро.

Навогул, трэба рабіць так, каб гэткія выпадкі адышлі ў гісторыю. Для гэтага трэба адкінуць свой страх і абыякавасць, трэба казаць аб гэтым, даносіць інфармацыю да грамадства. Каб не толькі тыя, хто непасрэдна сутыкнуўся з беззаконнем і несправядлівасцю, ведалі, у якой краіне і з якой уладай зараз мы жывем. Можа, тады наш народ захоча нешта змяніць і будзе гатовы нешта рабіць для гэтага.

*Алег Алкаеў – палітычны бежанец, аўтар кнігі “Расстрэльная каманда”. Зараз знаходзіцца ў Германіі.

Автор: Завадская Юлія