Я ў доміку альбо Люкі нашай рэчаіснасці
![]() Як ні дзіўна, але менавіта каналізацыйныя люкі дапамагаюць спасцігаць дыялектыку жыцця падрастаючаму пакаленню ў мястэчку Бялынічы Магілёўскай вобласці. Яны сталі тут сваеасаблівымі дапаможнікамі, калі не сказаць падручнікамі (падножнікамі) у нялёгкай справе вызначэння пазітыву і негатыву. Гэтыя бетонна-металічныя канструкцыі пазначаюць у нашай мясцовасці не проста адтуліны каналізацыйных камунікацый. Яны ператварыліся ў сапраўдныя люкі свядомасці дзяцей і дарослых, сталі неверагоднымі хадамі мыслення і фантастычнымі каналамі разумення рэчаіснасці. Нашы адносіны з сусветам пачынаюцца яшчэ ў раннім дзяцінстве. І ў сур’ёзнай выхаваўчай працы трэба прадугледзець усё – і эстэтычны бок, і спосабы паступовага гартавання характару, і, у рэшце рэшт, навучанне выжываць у экстрэмальных умовах. Першае, на што звярнула ўвагу кіраўніцтва мясцовага аддзела адукацыі – гэта прыгажосць. І аздобіла каналізацыйныя люкі перад вокнамі дзяржаўнай установы адукацыі “Шматпрофільны цэнтр “Ветразь” (былы Дом піянераў) вось такім чынам. А што? І свята якое-небудзь можна арганізаваць! “Купалле”, напэўна не атрымаецца – пажарнікі забароняць кола паліць пад вокнамі (а так бы русалак можна было б рассадзіць па люках – нібыта яны адтуль павылазілі). А вось лінейку святочную зладзіць можна. Калі не пашанцуе размясціць на люках невялічкі духавы аркестр, то хаця б гарністаў з барабаншчыкамі можна расставіць. Каб ігралі перад святочнай калонай. А вось і іншае месца, упрыгожанае спецыялістамі сферы адукацыі. Зразумела, што з вакон другога ці трэццяга паверха райвыканкама такія каляровыя “кружочкі” вельмі файна выглядаюць. А дзеткі з дзіцячай пляцоўкі, ці з музычнай школы, што месціцца побач, могуць пагуляць тут у розныя гульні. Напрыклад, уцякаючы адзін ад аднаго вакол “кружочкаў”, у пэўны момант могуць ускочыць на любы з люкаў і сказаць: “Я ў доміку!” Выдатны крэатыўны падыход для выкарыстоўвання індустрыяльных аб’ектаў! Хто забяжыць сюды “у домік”? Слабо? Але не хвалюйцеся – сапраўдныя выхавацелі дакладна пазначылі гэта месца, як небяспечнае. Таму што побач, акрамя “Ветразя”, яшчэ і інтэрнат аддзела адукацыі. А таксама рэабілітацыйны дзіцячы цэнтр той жа ўстановы. Дарэчы пра інтэрнат, Да яго вядзе сапраўдная маляўнічая дарога. Але выпрабаванні на яе абочынах таксама самыя сапраўдныя! Усе маладыя мамы павінны ведаць пра люк, які знаходзіцца амаль што ў каляіне! Але ж калі якая-небудзь няспрытная мамаша зазяхаецца – няхай крыўдуе толькі на сваю неўважлівасць. Што зрабіць – такія ўмовы гульні. З другога боку інтэрната ёсць яшчэ адно месца выпрабавання маладых экстрэмалаў. Калісьці хлопчыкі і дзяўчынкі ганялі тут мяч, уважліва абмінаючы люк, побач з якім ззяла – так сабе, ня надта і вялікая яма. Але вырасла ўжо і зыйшло з пляцоўкі тое смелае пакаленне, а з маладых зараз ніхто і не возьмецца за мяч. Хоць небяспекі ніякай ні для мяча, ні для гульцоў даўно няма. З той ямы вырасла дрэва, адпаведна мяч туды і спецыяльна не загоніш. Так, не тыя ўжо зараз гульцы! Ёсць яшчэ аднак і сапраўдныя вытанчаныя “лавушкі”. Напрыклад, на сцяжынцы ад інтэрната аддзела адукацыі да шматпрофільнага цэнтра “Ветразь”. З новых жыхароў інтэрнату ніхто і не ведае пра той люк. Але старыя яго добра запомнілі. Аўтар матэрыялу быў сведкам, калі ў люк праваліўся малады чалавек. Але зараз небяспекі няма – люк так моцна зарос травой, што дзеткі з інтэрнату ўвесь час бегаюць праз яго беза ўсякіх праблем. І нават смела могуць гуляць на ім “у домік”. Здымак паказвае, што побач са сцежкай, здаецца, нічога няма. Але старажылы ведаюць, дзе можа чакаць небяспека. Калісьці менавіта з-за гэтага люка, крышка якога гойдалася нават зімой, тут перасталі ездзіць лыжнікі з суседняй спартыўнай школы пры ўсё тым жа аддзелу адукацыі (гэта падцвердзяць трэнеры па лёгкай атлетыцы). Але засталася ў бялыніцкіх лыжнікаў іншая запаведная лыжня. Гэта схіл ад стадыёна спартыўнай школы не на паўночны бок, да інтэрната (пра які мы зараз узгадвалі), а на захад, дзе траса пачынаючых фрыстайлераў і слаламістаў упіраецца ў суседзкія платы. Усім суседзкім таварыствам спрабавалі яго шукаць. Але глыбіня праёма, які калісьці закрываўся люкам, і дзе былі знойдзены лыжы, шакіруе нават самых смелых. Таму ў шматпрофільны цэнтр “Ветразь” паступіла прапанова адкрыць альпіністскае аддзяленне. Без спецыяльных прылад для альпіністаў дно калодзежа абследаваць не ўяўляецца магчымым. Напрыканцы нашага аповеду, як і мае быць у сапраўдным сур’ёзным працэсе, — мегабонус: “Трамплін у светлую будучыню!” за стадыёнам спартыўнай школы. Тут таксама можна гуляць. Напрыклад забегчы ўнутр і сказаць “Я ў доміку”. Але ёсць усё ж такі небяспека – калі ў дзяцінстве забяжыш у такі “домік”, невядома кім выбяжыш адтуль у сталасці. Аўтар: Юры Несьцярэнка |




















